10 лістапада будуць судзіць берасцейскіх актывістаў



DIGITAL CAMERAСтала вядома дата працэсу над берасцейскімі грамадскімі актывістамі Палінай Панасюк і Андрэем Шарэндам.

3 лістапада супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця на іх быў складзены пратакол за парушэнне правілаў правядзення масавага мерапрыемства. “Якім чынам у раздачы звычайных улётак і сувеніраў супрацоўнікі міліцыі ўбачылі масавую акцыю?” – задаецца пытаннем Андрэй Шарэнда і ўзгадвае, як усё было:

– Блакітныя балонікі з надпісам “Малы памежны рух” са слоганам нашай кампаніі, а таксама нашыя торбачкі і трохі друкаванай прадукцыі – улёткі, дзе больш сцісла напісана пра магчымасці малога памежнага руху.

Паліна Панасюк:

– Каб засталіся ад гэтага пазітыўныя ўспаміны і чалавек меў інфармацыю.

Актывісты не лічаць, што раздача ўлётак і сувеніраў гараджанам ёсць масавым мерапрыемствам, таму з такой фармулёўкай яны не згодны і будуць актыўна абараняцца ў судзе. Працэс пачнецца 10-га лістапада а 16-й у будынку суда Ленінскага раёна Берасця, як паведаміў Андрэй Шарэнда.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце