10 лютага – 80 гадоў з дня гібелі Максіма Гарэцкага
10 лютага спаўняецца 80 гадоў з дня, калі быў расстраляны Максім Гарэцкі. А на наступным тыдні 125 гадоў з дня яго нараджэння. Класік беларускай літаратуры сталеў і развіваўся якраз у час абвешчання БНР, быў вядомым беларусам свайго часу.
Нарадзіўся Максім Гарэцкі 18 лютага 1893 года у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павету. Першую навуку спасцігаў у школе ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павету ў царкоўна-прыходскай школе. Ужо ў той час Гарэцкі пачынае цікавіцца беларускай літаратурай і пачынае свядома карыстацца роднай мовай. У 1908 годзе скончыў вучобу і атрымаў магчымасць быць настаўнікам, вучыць грамаце сялянскіх дзяцей. У кастрычніку 1908 года прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступлення ў вучэльню. Там займаўся з рэпетытарам Крэерам. У 1909 годзе паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 годзе.
На пасадзе каморніка Віленскай губерні Гарэцкі правёў адзін год. Ён меў намер авалодаць замежнымі мовамі, атрымаць атэстат сталасці і паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт. Але гэта не ўдалося. На той час адтэрмінаванне ад вайсковай службы каморнікам скасавалі. Каб не ісці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбыванне вайсковай павіннасьці як “вольнапісаны” царскай арміі ў 1914 годзе. Якраз пачалася 1-я сусветная вайна. Удзельнічаў у баях ва Ўсходняй Прусіі, быў цяжка паранены. Доўга лячыўся ў вайсковых шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва.
Пасля выздараўлення працягнуў свае вандроўкі з месца на месца. Некаторы час працаваў чарцёжнікам у Маскве. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскай ваеннай вучэльні ў Петраградзе. Стаў прапаршчыкам, служыў спачатку ў Іркуцку, а потым у Гжацку. Неўзабаве апынуўся на фронце ў Пінскіх балотах. Там прызначаны ў камісію па рэквізіцыі сена, але не хацеў такой працы і адпрасіўся ў акопы. Цяжка захварэў, адасланы на лячэнне ў Жалезнаводск, потым дэмабілізаваны.
Пераехаў у Смаленск, паступіў у археалагічны інстытут, але хутка кінуў яго. Кастрычніцкія падзеі 1917 года сустрэў на службе ў Смаленскім савеце. Працаваў камендантам жыллёвага аддзелу ў Смаленску, супрацаваў у мясцовых газетах. З жніўня 1918 года запрошаны на сталую працу ў “Звязду” Кнорыным пасля абвяшчэння БССР, супрацаваў з газетай “Дзянніца”. Разам з рэдакцыяй “Звязды” пераехаў у Мінск, потым у Вільню. Пры раптоўным наступе польскага войска ў канцы красавіка 1919-га апынуўся пад акупацыяй. Працаваў у Віленскай беларускай гімназіі настаўнікам, Супрацаваў з газетамі “Беларускія ведамасці”, “Беларускі звон”, узначальваў “Нашу думку”. У студзені 1922 года, перад выбарамі ў Віленскі сойм, арыштаваны польскімі ўладамі. Звінавачаны ў прыналежнасці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу і іншым. Зняволены ў Лукішскай турме. У выніку пратэстаў за мяжой прымусова высланы ў Беларусь. У канцы кастрычніка 1923 года пераехаў з сям’ёй у Мінск. Працаваў выкладчыкам у БДУ, Мінскім ветэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельгасакадэміі, Інбелкульце.
Арыштаваны ў ліпені 1930 года па абвінавачанні ў прыналежнасці да Саюза вызвалення Беларусі. Высланы ў расейскі горад Вятка. Там працаваў чарцёжнікам, каморнікам, настаўнікам рускай мовы ў пасёлку Пясочня. Цэлы час пісаў як літаратар. Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937 года. Паводле прысуду “тройкі” НКВД расстраляны.
Беларускае Радыё Рацыя