10 слынных паўстанцаў 1863 году, якія ўратаваліся і эмігравалі



Беларускае Радыё Рацыя прапануе чытачам сваю версію 10-ці славутых паўстанцаў 1863 году, якія пасля паразы вызвольнага чыну здолелі эміграваць, уцячы з катаргі ці выехалі за мяжу пасля зняволення. За мяжой бальшыня з іх не згубілася і годна, таленавіта выявіла сябе ў розных сферах і розных краінах.

AkinchycАляксандар Акінчыц. Нарадзіўся 9 лютага 1839  г. ў вёсцы Сялец Пружанскага павету ці 28 жніўня 1839 г. у Гародні. Медык, публіцыст, мемуарыст. Працаваў у Шарашове. Разам з ксяндзом Мацкевічам арганізаваў паўстанцкую групу. Пасля пачатку паўстання дзесяць дзён быў ў атрадзе Стравінскага. Пасля нелегальна жыў у маёнтку маці Нямковічы. Быў арыштаваны за лекарскую дапамогу параненым паўстанцам, засуджаны на 12 гадоў катаргі ў сібірскіх рудніках. Па дарозе на яе збег, з фальшывым пашпартам у жніўні 1865 года, разам з Зыгмунтам Мінейкам даехаў да Парыжу. У звязку з тым, што яго дыплом не прызнаваўся ў Францыі, мусіў прайсці адпаведныя курсы і ў ліпені 1867 году паспяхова здаў экзамен на ступень доктара медыцыны. Займаўся лекарскай практыкай. Як згадваюць сучаснікі, быў адданы ідэі дапамогі хворым і бедным людзям. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці эмігранцкіх арганізацый уцекачоў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.  Выступаў з публікацыямі ў прэсе. Напісаў мемуары “Успаміны з побыту ў Расеі ў 1863 г.”, якія доўгі час захоўваліся ў архіве сям’і, а пасля былі апублікаваны на французскай мове Жыў і працаваў лекарам у Францыі, пакінуў успаміны. Памёр у Парыжы 20 красавіка 1886 г.

AndryjoliМіхал Андрыёлі. Нарадзіўся 2 лістапада 1836 г. у Вільні. Жывапісец, ілюстратар. Прыхільнік “чыроных”, у 1863 г. сярод паўстанцаў Віленшчыны, быў у атрадах К. Карэвы, І. Пасербскага, пасля ў Коўне. У верасні 1863-га арыштаваны ў Пецярбургу. У студені 1864 г. уцёк з Ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, прысвяціў паўстанню шмат графічных працаў. У 1866-ым вярнуўся на радзіму, быў высланы ў Вятку. З 1871-га жыў у Варшаве. Там працягваў мастацкую адукацыю ў школе Герсана, ілюстраваў часопіс «Кłоsу» («Каласы») і «Тygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). У 1883-86 гг. працаваў у Парыжы. Толькі ў канцы жыцця яму пашчасціла на нейкі час вярнуцца на радзіму. Потым жыў у Налэнчове (цяпер Люблінскае ваяводства), дзе і памёр 23 жніўня 1893 г.

Ян Ваньковіч. Нарадзіўся 23 кастрычніка 1834 г. у маентку Сляпянка (цяпер у межах Менску). Сын вядомага мастака Валенція Ваньковіча.

Sliapianka

Сядзіба Сляпянка, сучасны выгляд

Ян Ваньковіч быў вайскоўцам, паручнікам корпусу ляснічых. З 1861 г. у гарадзенскай арганізацыі Каліноўскага. У 1863 г. у паўстанцкіх атрадах Падляшша і Гарадзеншчыны, ваяваў пад псеўданімам Ляліва, быў паранены. У траўні 1863 г. узначаліў Берасьцейскі паўстанцкі атрад і з Кобрыньскім атрадам Рамуальда Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліпені 1863 г. з дапамогай Элізы Ажэшкі выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арганізацыі ў Галіцыі. У сакавіку 1864 г. арыштаваны аўстрыяцкімі ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве. Памёр 2 жніўня 1899 г. у Кракаве, пахаваны на Ракавіцкіх могілках.

Kalinouski JuzafЮзаф Каліноўскі. Нарадзіўся у Вільні 1 верасня 1835 г. Удзельнік паўстання, каталіцкі рэлігійны дзеяч. Служыў вайскоўцам у Берасьцейскай крэпасці, у траўні 1863 г. выйшаў у адстаўку і пераехаў у Вільню. З чэрвеня 1863 г. на чале ваеннай секцыі Выканаўчага аддзела Літвы (галоўнага органа па кіраванні паўстаннем), найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. У 1864 г. арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю, пазней прысуд заменены 10-гадовай катаргай, адбываў яе ў горадзе Усолле. Праз пяць гадоў на вольным пасяленні ў Іркуцку і Пярмі, даследаваў Сібір. Пазней пераехаў у Парыж, далей жыў у Грацы (Аўстрыя), дзе ўступіў у кармеліцкі ордэн, жыў пад Кракавам і ў Галіцыі. Памёр 15 лістапада 1907 г. 17 лістапада 1991 г. кананізаваны каталіцкім касцёлам.

Аляксандар Лянкевіч. Нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў 1823-ім. Вайсковец, пасля адстаўкі жыў у маёнтку Панюкі (Гарадзенскі пав.). 2 траўня 1863 падняў паўстанне у павеце, сабраў атрад (каля 200 чал.). змагаўся пад псеўданімам Ляндэр. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі – вайсковы начальнік абодвух паветаў. Кіраваў аб’яднанымі паўстанцкімі сіламі ў пераможнай бітве пры Мілавідах 3 чэрвеня 1863 г. 1 жніўня разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман, далей дзеіў у Аўгустоўскай губерні, ад паўстанцкіх уладаў атрымаў чын палкоўніка. Вядомы бітвамі на тэрыторыі сучаснага Гарадзенскага раёну. На могілках у Азёрах крыжы ў памяць паўстанцаў атраду Лянкевіча.

Aziory

Крыжы ў памяць паўстанцаў на могілках у мястэчку Азёры

У верасні 1863 пасля няўдалай бітвы ў Зялёным лесе пад Аўгустовам, Лянкевіч выехаў за мяжу. Завочна быў прыгавораны да смяротнай кары. Жыў у ЗША. Час і месца смерці невядомыя.

Станіслаў Ляскоўскі. Нарадзіўся 21 студзеня 1840 г. паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Меншчыны, афіцэр, сябра гуртка Зыгмунта Серакоўскага ў Пецярбургу. У 1863-ім – паўстанцкі вайсковы начальнік Менскага ваяводства, меў псеўданім Собак. Палявы камандзір у лясах Ігуменскага павету, правёў шэраг баёў з акупантамі: 9 траўня пад Юравічамі, 13 чэрвеня пад Лочынам. 23 ліпеня захапіў у палон расейскага генерала, якога адпусціў пад слова гонару. Увосень 1863 г. распусціў атрад, пасля чаго праз Пецярбург эміграваў. У 1865 г. быў абраны ў склад “літоўскай дэлегацыі” у Парыжы, якая прадстаўляла інтарэсы паўстанцаў-эмігрантаў. Пазней жыў у Бельгіі.

malachouskiУладзіслаў Малахоўскі. Нарадзіўся у маёнтку Маце (Кобрыньскі р-н) каля 1830 (паводле іншых звестак у 1927-ым). Адзін з кіраўнікоў партыі “чырвоных” у Беларусі, у лютым-сакавіку, чэрвені-жніўні 1863-га – паўстанцкі начальнік Вільні. У жніўні 1863-га выехаў у Пецярбург, пасьля ў Кёнігсберг, дзе быў прадстаўніком Каліноўскага, браў удзел у выданні газеты “Глос з Літвы”, займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў.  Пазней эміграваў, з 1866-га жыў у Англіі. Пад прозвішчам Леон Варнэрке вызначыўся вынаходствамі ў галіне фатаграфіі. У 1875 г. сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам “Кодака”. У 1880-ыя гады некалькі разоў пабываў у Расеі, удзельнічаў у фотавыставах, у заснаванні секцыі фатаграфіі Расейскага імператарскага тэхнічнага таварыства. Апошнія гады жыў у Жэневе. Памёр 7 кастрычніка 1900 г.

MinejkaЗыгмунт Мінейка. Нарадзіўся у 1840-ым годзе ў вёсцы Балванішкі (цяпер Зялёны Бор, Ашмянскі р-н). У 1861-ым вёў агітацыю сярод сялян Ашмяншчыны, у 1863-ім у атрадах М. Лянгевіча, псеўданім Мацей Баравы, паўстанцкі вайсковы начальнік Ашмянскага павету, палявы камандзір. 3 чэрвеня 1863 г. атрад быў разбіты ў баі пад Расолішкамі (Івейскі р-н), Мінейка схоплены і засуджаны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры – адзін з кіраўнікоў падпольнай арганізацыі, у 1865 уцёк з Сібіры за мяжу. Зыгмунт Мінейка ў 1868-ым скончыў акадэмію генштабу ў Парыжы, але не захацеў ваяваць у складзе легіёну ў Алжыры. Таму ў 1891-ым ён пераехаў у Грэцыю, удзельнічаў у Балканскай вайне з Турцыяй за Крыт. Менавіта ён арганізаваў захоп турэцкай фартэцыі Яніна, што прынесла грэкам бліскучую перамогу. Вызначыўся Мінейка і як інжынер-праектант. Славу яму прынесла будаванне дарог і мастоў. Удзельнічаў ён таксама ў археалагічных экспедыцыях, адна з іх завяршылася сенсацыйным адкрыццём храма Зеўса ў Дадоне, пра які пісаў яшчэ Сакрат. Іншымі яго захапленнямі былі этнаграфія і калекцыянаванне. Калі ж надышла пара першых алімпійскіх гульняў сучаснасці ў 1896 году ў Афінах, асвятляў спаборніцтвы як сапраўдны рэпарцёр. Зыгмунт Мінейка – ганаровы грамадзянін Грэцыі. У гэтай краіне ён ажаніўся з Празерпінай Манарыс, іхная дачка Зоф’я – жонка Георгіяса Папандрэу-старэйшага, вядомага грэцкага палітыка. Адпаведна Андрэас Папандрэу, яшчэ адзін папулярны палітык – унук Мінейкі. Памёр Зыгмунт Мінейка 27 снежня 1925 г. у Афінах. Пра яго на землях старажытнай Элады ведаюць многія, памяць захоўваецца ў грэцкіх музеях.

 Густаў Чаховіч. Нарадзіўся каля 1837 г. у маёнтку Паўлінава-Рачкаўшчына Сьвянцянскага павету ў сям’і шматдзетнага небагатага шляхціца. Вайсковец у адстаўцы, у 1863 г. – паўстанцкі вайсковы начальнік Сьвянцянскага павету, меў псеўданім Астоя паводле родавага гербу. У красавіку 1863 г. накіраваны ў Вялейскі павет на злучэньне з атрадам Яна Козела, дзе разам з братам арганізаваў паўстанцкі лагер (каля 200 чалавек). 5 чэрвеня ў полі, якое ў народзе цяпер называюць Біты Лог (Вялейскі раён) атрад касінераў Чаховіча ўдзельнічаў у значнай бітве з расейцамі.

Біты_Лог._Помнік_(01)

Помнік у гонар паўстанцаў у полі Біты Лог

А 15 верасня атрад Чаховіча даў бой расейскім карнікам у лесе ля вёскі Клявіца (Ашмянскі р-н). Да кастрычніка дзеіў у розных паветах Віленскай губерні, пасля перайшоў у Аўгустоўскае ваяводства, дзе працягваў змаганне. Паводле адной з версій быў схоплены і расстраляны ў Дынабургу. Паводле значна больш верагоднай версіі, якая падмацавана дакумантальна, пасля паразы паўстання эміграваў у Францыю. Працаваў старэйшым кандуктарам на чыгунцы Парыж-Ліён, у чыне капітана ўдзельнічаў у франка-прускай вайне. У Францыі  ажаніўся з Марыяй Свянтэцкай, дачкой пісьменніка Ігната Ходзькі.  Памёр пасля 1887 г.

Пётр Юндзіл. Нарадзіўся 15 кастрычніка 1839 г. Сын батаніка Юзафа Юндзіла, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэту. У 1860 г. наладзіў кантакты ў Вільні і ваколіцах з гурткамі “чырвоных”. У 1860-ым кінуў універсітэт і пайшоў вучыцца вайсковай справе. Быў сябрам таемнага згуртавання вайскоўцаў на чале з Зыгмунтам Серакоўскім, пасля ад’езду апошняга ў Літву, узначальваў арганізацыю ў Пецярбургу, праводзіў вярбоўку паўстанцаў. 17 красавіка 1863 г. арыштаваны. 6 лістапада 1864 г. уцёк з-пад варты з шпіталю. Далейшы лёс невядомы, паводле некаторых звестак жыў у Лондане.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя