10 снежня – Дзень правоў чалавека
10 снежня ў 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Менавіта таму штогод 10 снежня адзначаецца Дзень правоў чалавека.
Кажа Андрэй Палуда, праваабаронца ПЦ “Вясна”:
– Тады на такім міжнародным узроўні было зафіксавана важнасць увогуле чалавека як суб’екта і важнасць ягоных правоў. Што датычна важнасці на сённяшні дзень, яно застаецца таксама, бо гэта пытанне праблемы правоў чалавека ва ўсім свеце застаецца вельмі актуальным. У адных краінах гэта ў большай ступені, у іншых – у меншай. Калі ёсць такі дзень – гэта магчымасць яшчэ больш актуалізаваць, звярнуць увагу, пагаварыць пра правы чалавека.
Таму праваабарончая супольнасць ладзіць 10 снежня шэраг мерапрыемстваў. У Менску на пляцоўцы Тэрыторыя правоў у 15.00 адкрыецца выстава, прысвечаная смяротнаму пакаранню. Акрамя гэтага адбудзецца ўручэнне адразу дзвюх прэмій у галіне правоў чалавека:
• Нацыянальная прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека
• Прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
А ў Магілёве з гэтай нагоды запланаваны Тыдзень правоў чалавека. Больш падрабязней пра ўсе гэтыя падзеі можна даведацца на сайце ПЦ “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя