10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека



Юрыст Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла распавядае пра тое, якія змены адбыліся ў Беларусі сёлета у гэтай галіне.

10 снежня 1948 года Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. З 1950 года гэты дзень адзначаецца ва ўсім свеце, як Дзень правоў чалавека.

Менавіта ва Усеагульнай дэкларацыі былі ўпершыню абвешчаныя вартасці, якія сёння мы называем універсальнымі: правы чалавека неаддзельна ўласцівы ўсім людзям, і ўся міжнародная супольнасць павінна забяспечваць іх выкананне.

Гары Паганяйла: Калі казаць пра сітуацыю ў Беларусі, то істотных зменаў у вобласці правоў чалавека няма. Прынцыповае стаўленне беларускай улады да міжнародных стандартаў па правах чалавека не змянілася. Так, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх не было вельмі ўжо брутальнай рэакцыі ўлады на мірныя акцыі грамадзян, сітуацыю быццам бы палепшылі ў гэтым плане. Мяркую, у першую чаргу для Захаду паказалі карцінку лібералізацыі. Але на самай справе выбары ж усё роўна былі непразрыстымі, хоць кожны чалавек мае права дакладна ведаць, як улічваецца яго голас. Ды і іншых праблем хапае. Гэта і права на свабоду сходаў, і магчымасць ажыццяўляўляць свабоду дзеянняў аб’яднаняў і грамадзянскіх ініцыятываў, і захаванне прынцыпа і права на справядлівы і незалежны суд… Размова ідзе не толькі пра палітычныя правы і свабоды, але і пра сацыяльныя ды культурныя правы грамадзян, якія Беларусь павінна забяспечваць, зыходзячы з узятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў. Але ж не імкнецца да гэтага.

 РР: Той жа дэкрэт пра дармаедаў выклікаў шмат пытанняў у праваабаронцаў…

Гары Паганяйла: Безумоўна, і такія рэчы пастаянна напаўняюць прававое поле, калі абмяжоўваюцца правы людзей. Фармальна права ў чалавека быццам бы ёсць на паперы, а вось рэалізаваць яго практычна немагчыма. Альбо трэба прайсці праз вялікую бюракратычную машыну, якая дадае складанасцей у рэалізацыі правоў, альбо проста дзейнічаюць забароны. Так што казаць пра істотныя змены клімату ў галіне правоў чалавека, на мой погляд, не даводзіцца. Хоць нейкія змены ёсць – і гэта трэба прызнаць.

 РР: У лютым наступнага году Еўразвяз будзе ізноў разглядаць пытанне санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Могуць абмежаванні зняць поўнасцю, альбо працягнуць. Ці застаюцца для Еўропы прынцыповымі пытанні парушэння правоў чалавека ў Беларусі?

Гары Паганяйла: Давайце будзем шчырымі – Захад цяжка крытыкаваць за зняцце санкцый, бо апошнія паказалі сваю неэфектыўнасць. Гэтая абмежавальная мера паказала, што санкцыямі справе не дапаможаш. На такі рэжым, як беларускі, яны не дзейнічаюць. Трэба знаходзіць іншыя магчымасці для таго, каб змяніць сітуацыю. І ў першую чаргу неабходны змены ў свядомасці беларусаў. А гэта ўжо праца дэмакратычных палітычных партый і аб’яднанняў. А Захад чым можа дапамагчы? Ён павінен паказваць беларускаму грамадству і ўладам перавагі захавання правоў чалавека ў кантэксце эканомікі і міждзяржаўных стасункаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя