10 снежня – Сусветны дзень правоў чалавека



10 снежня адзначаецца Сусветны дзень правоў чалавека. Сёлета споўнілася 70 год  Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Яе зацвердзіла Генеральная Асамблея Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый 10 снежня ў  1948 годзе. Дакумент перакладзены  больш чым на 370 моваў і дыялектаў свету. Дэкларацыю падпісалі ўсе чальцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта – 193 краіны.

Як кажа кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, у Беларусі за апошнія 25 гадоў у сферы правоў чалавека мала што змянілася. На жаль, агульная сітуацыя застаецца кепскай і ніякіх прарываў тут няма.

– Мы сутыкаемся ўвесь час з тым, што дзяржава спрабуе абмежаваць правы чалавека, канкрэтных грамадзянаў. І гэта самыя разнастайныя правы, не толькі грамадска-палітычныя. Гэта сацыяльныя правы. Мінулы год выразна паказаў, што акцыі пратэсту, якія прайшлі супраць „дэкрэту аб дармаедах”, паказалі, што значная большасць людзей пачынае рэагаваць на парушэнне іх правоў: і сацыяльных, і эканамічных, і экалагічных. Відавочна, што калі людзям наступаюць на балючы мазоль, людзі пачынаюць  супраціўляцца адчайна.

Беларускі праваабарончы рух фармальна пачаўся напрыканцы 1980-х, калі быў створаны “Мартыралёг Беларусі”. Але значная частка грамадскіх праваабарончых арганізацый утварылася ў сярэдзіне 1990-х. Сярод іх “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Праваабарончы альянс”ды іншыя. Цяпер большасць з  іх Міністэрства юстыцыі пазбавіла рэгістрацыі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя