10 сутак – Міколу Качурцу. Але не за той плакат, з якім ён прыйшоў
Віцебскага апазіцыйнага актывіста, затрыманага 13-га чэрвеня, судзілі ў судзе Чыгуначнага раёну. Сябры чакалі пачатку працэса 5 гадзін – пакуль у ізалятары часовага ўтрымання вызваліўся кампутар, бо працэс праходзіў праз Skype.
Было вядома, што супраць спадара Качурца распачатая адміністрацыйная справа за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным мітынгу падчас збору подпісаў 31-га траўня, калі ў Віцебск прыязджаў Павел Севярынец, і людзі выказваліся ў так званы “вольны мікрафон”. Але суддзя Алена Цыганкова абвясціла, што будзе разбіраць адразу дзве справы – яшчэ і за 7-га чэрвеня. У той дзень Мікола Качурэц таксама прысутнічаў на пікетах па зборы подпісаў. Але там не было ніякіх масавых мерапрыемстваў, кажа блогерка Алена Янушкоўская: – Паводле выбарчага кодэкса, мы маем права прыходзіць на пікеты, знаходзіцца там колькі заўгодна – гэта не рэгламентавана. Проста сабраліся людзі, каб паразмаўляць адно з адным. І за гэта даюць 10 сутак! У другой ягонай справе ўвогуле няма ніякага правапарушэння, таму яны аб’ядналі дзве справы – каб даць яму максімальна магчымае пакаранне.
У абедзвюх справах фігуруе міліцэйская фармулёўка: знаходзіўся побач з плакатамі “Стоп таракан”, “Свабоду Ціханоўскаму”, “Слуга, сыходзь – народ прыйшоў”. Але чамусьці суд не згадаў, што ў Міколы Качурца 31-га траўня быў асобны плакат “Ганьба мазаічнаму псіхапату Лукашэнку”. Суддзя не стала агучваць гэтыя словы, хаця іх вельмі добра відаць на ўсіх фотаздымках.
Сябры перажываюць за стан здароўя Міколы Качурца, бо 61-гадовы актывіст паўтара гады таму перанёс інфаркт, мае 3-ю групу інваліднасці і павінны знаходзіцца пад наглядам лекараў. Тады як умовы ўтрымання ў ІЧУ не спрыяюць захаванасці здароўя.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск