10 сутак за тое, што трапіў  на міліцэйскае відэа



Жыхара Віцебска Яраслава Кійко асудзілі на 10 сутак арышту толькі за тое, што міліцыянты апазналі яго на відэаздымках, зробленых  падчас збору подпісаў 31-га траўня.

На фота: Яраслаў Кійко і Мікалай Качурэц

Нават суддзя Іна Грабоўская не здолела адшукаць спадара Кійко ў натоўпе, пакуль не заўважыла ў матэрыялах справы асобныя фотаздымкі са стрэлачкамі ў бок ягонай постаці. Апошні раз Яраслаў Кійко трапляў пад увагу міліцыі ў 2019-м годзе, калі сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам у Дзень Волі. Тады яго аштрафавалі, а цяпер прысудзілі 10 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Праваабаронца Ірына Траццякова кажа, што міліцыя не прыкладае асаблівых намаганняў, складаючы пратаколы на ўдзельнікаў нібыта несанкцыянаваных мерапрыемстваў:

– Яны ведаюць па прозвішчах актывістаў, і тых, хто ёсць у спісах ініцыятыўных груп, і хто быў заўважаны побач у якасці валанцёраў.  І калі недзе быў нейкі пікет, то яны гатовыя расцаніць яго як несанкцыянаванае мерапрыемства. І запісаць туды адны і тыя ж  прозвішчы – хто нам усім знаёмы.

Суддзя Сняжана Кіндзеева з таго самага суда Кастрычніцкага раёна, у адрозненне ад сваёй калегі,  не стала абвяшчаць карнага рашэння.

Яна адправіла на дапрацоўку ў міліцыю справу Юліі Барсуковай, якую таксама міліцыянты абвінавацілі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Але актывістку і мадэратарку тэлеграм-канала “Витебск для жизни” такі вынік не радуе:

-У мяне суддзя спытала: “Вы прынеслі стойку з плакатамі “Свабоду Ціханоўскаму”, “No pasaran” і дзе закрэслены таракан? Я кажу :”Не, я нават фізічна не магла б яе несці”. І вось яны хочуць апытаць іншых людзей – хочуць, можа, болей людзей прыцягнуць да гэтай справы. Таму станоўчых бакоў я тут не бачу.

Судоў за ўдзел у зборы подпісаў, які  міліцыянты кваліфікуюць як  шэраг несанкцыянаваных мерапрыемстваў, чакаюць віцебская каардынатарка БХД Таццяна Севярынец (19 чэрвеня) і каардынатар па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай,  наваполацкі актывіст “Грамады” Яўген Вільскі (25 чэрвеня).

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск