10 верасня ў Вярхоўным Судзе пачнецца справа па ліквідацыі БХК



10 верасня ў Вярхоўным Судзе пройдзе папярэдняе судовае пасяджэнне па іску аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт 7 верасня атрымаў з Вярхоўнага Суда ліст з іскавай заявай Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі. Падставай для ліквідацыі, на думку Мінюста, паслужыла здзяйсненне БХК «грубага парушэння заканадаўства», адзначае тэлеграм-канал БХК.

Згодна з іскавай заявай, Міністэрствам юстыцыі ў выніку следчых дзеянняў па неназванай крымінальнай справе былі атрыманы дакументы ў дачыненні да 2 чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі па доўгатэрміновым назіранні за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года». У пацверджанне гэтаму Мінюст прыклаў да іскавай заявы копіі 6 дакументаў: дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і прыёма-перадаткавых актаў.

БХК адзначае: «Нам невядома, пра якую крымінальную справу і ў дачыненні да каго ідзе гаворка.

Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору па крымінальнай справе, неправамерна.

Кажучы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны Суд прызнае, што гэтыя дакументы — прычым толькі ў копіях — адпавядаюць рэчаіснасці, то такое рашэнне будзе мець прэюдыцальнае значэнне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакументы і па якой абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Прэюдыцыя — абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя судовым рашэннем па іншай справе, якое уступіўла ў законную сілу. Гэта значыць, што такое рашэнне будзе абавязковым для іншага суда па крымінальнай справе.

Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага Суда па справе аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе», — каментуе БХК.

novychas.by