100 дзён галадоўкі Алега Сянцова



Ужо 100 дзён доўжыцца галадоўка ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова ў расейскім зняволенні.

Раней 11 засуджаных ва Ўкраіне расейцаў напісалі заявы на імя кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбай памяняць іх на ўкраінскіх палітвязняў.

Крэмль па-ранейшаму дыстанцуецца ад праблемы, заяўляючы, што без асабістай просьбы Сянцова пра памілаванне не можа вызваліць палітвязня, аднак у выпадку з Надзеяй Саўчанкай вызваленне адбылося без яе просьбы.

Алег Сянцоў па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і патрабуе вызвалення іншых украінскіх палітвязняў. На дадзены момант Сянцоў прымае жывільную сумесь, але, паводле меркаванняў сваякоў, знаходзіцца ў крытычным стане.

Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў.

Беларускае Радыё Рацыя