100 гадоў таму ўрад БНР пераехаў у Гародню
100 гадоў таму ўрад БНР, які ачольваў Антон Луцкевіч, пераехаў у Гародню. Міф пра нібыта паланафільства гэтага палітыка развенчвае даследчык гісторыі БНР Анатоль Сідарэвіч:
– Трэба адбіць усю гэтую дурную атаку, якая ёсць за праціўнікамі братоў Луцкевічаў, пра нейкае паланафільства. Культурнае – было. Браты Луцкевічы выдатна ведалі польскую мову. Антон Луцкевіч – адзін з лепшых польскіх публіцыстаў. У кожным нумары з’яўляўся адзін ці два артыкулы ў газеце “Кур’ер краёвы”. Браты ведалі польскую гісторыю, польскую літаратуру. Але палітычна – не. Ні ў адным праграмным дакуменце Беларускай сацыялістычнай Грамады, – а праграмныя дакументы складаў Антон Луцкевіч, пра еднасць з Польшчай не гаворыцца.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі пад наступам расейскага войска мусіў быў пакінуць Менск і 27 снежня 1918 года перабраўся ў Гародню, якая на кароткі час стала апошняй сталіцай БНР. У далейшым і па сённяшні дзень кіроўныя структуры Беларускай Народнай Рэспублікі дзейнічаюць па-за межамі Беларусі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск