100-гадовы юбілей бел-чырвона-белага сцяга ў Паўднёвай Фларыдзе
Сябры аддзелу Беларуска-Амерыканскана Задзіночання (БАЗА) ў Паўднёвай Фларыдзе крэатыўна адзначылі 100-гадовы юбілей бел-чырвона-белага сцягу: беларусы сваімі рукамі стварылі калекцыю керамічных вырабаў, размаляваных ў бел-чырвона-белай палітры.
Да іх далучыліся і іх сябры іншых нацыянальнасцяў, каму не абыякава пытанне беларускай незалежнасці. Так, дадзены праект сабраў не толькі беларусаў з усёй Паўднёвай Фларыды, але таксама і гасцей з розных частак свету. У працэсе працы кожны ўдзельнік праекта дзяліўся сваім ўяўленнямі аб тым, што для яго/яе значыць пачуццё гонару за нацыянальны сцяг.
Менавіта 100 гадоў таму, грамадска-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі распрацаваў сучасны дызайн бел-чырвона-белага сцяга, які пасля стаў афіцыйным сцягам БНР.
Старшыня БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе Сяргей Волкаў адзначыў, што: «Для нас бел-чырвона-белы сцяг – гэта маленькая часцінка Радзімы, якая грэе душу і сімвалізуе свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
Сакратар аддзелу Паліна Прысмакова, прафесар дзяржаўнага упраўлення Атлантычнага Універсітэта Фларыды, прадставіла прэзентацыю аб супярэчлівасці і няпэўнасці статусу бел-чырвона-белага сцяга ў Беларусі і яго грамадскай значнасці як для грамадзян Беларусі, так і для гэтай краіны на міжнароднай арэне: фармальна трыкалор не з’яўляецца забароненым, аднак яго публічная дэманстрацыя і выкарыстанне перасьледуецца і караецца праваахоўнымі органамі краіны. Прэзентацыя ўтрымоўвала храналогію спробаў надання бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пачынаючы з пачатку XX cтагодззя да цяперашняга часу.
Сяргей Волкаў адзначыў, што «нароўні з «Пагоняй», якая ўжо занесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, унясенне бел-чырвона-белага сцягу ў гэты ж спіс з’яўляецца актам гістарычнай справядлівасці».
Падобныя праекты толькі ўмацоўваюць беларускую супольнасць у Паўднёвай Фларыдзе і дазваляюць акцэнтаваць неабходнасць фармальнай легалізацыі бел-чырвона-белага сцягу у Беларусі. БАЗА Паўднёвай Фларыды спадзяецца, што іншыя групы і грамадскія арганізацыі падтрымаюць праект і далучацца да іх. Сваімі бел-чырвона-белымі вырабамі арганізацыя запрашае падзяліцца на іх старонцы ў фэйсбуку.
Беларускае Радыё Рацыя