100-годдзе абвяшчэння БНР: падрыхтоўка, планы



У Менску прайшло пашыранае паседжанне працоўнай групы па падрыхтоўцы святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта падзея адбылася 25 сакавіка 1918 году.

На паседжанні працоўнай групы абраныя яе сустаршыні. Імі сталі кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, каардынатар грамадскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель, а таксама адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Ён і вёў паседжанне працоўнай групы:

– Мы распрацавалі структуру нашай працоўнай групы, прызначылі каардынатараў з шасці камісіяў па накірунках. Акрамя гэтага мы прагаварылі заяўку. Будзе не менш як 10 заяўнікаў ад асноўных партыяў і арганізацыяў. Прагаварылі канкрэтны маршрут, які будзе прапанаваны для зацверджання аргамітэтам. Збор а 14-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа. У 15.00 пачатак шэсця па праезнай частцы праспекта Незалежнасці да вуліцы Леніна, па вуліцы Леніна да плошчы Свабоды. І мітынг і канцэрт на плошчы Свабоды.

На канцэрт будуць запрошаны Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, іншыя выканаўцы і музычныя калектывы.

Па словах Паўла Севярынца, арганізатары Дня Волі маюць намер звярнуцца да дзяржаўных органаў улады, каб дамагчыся годнага правядзення свята. Таксама плануецца наведаць амбасады дэмакратычных краінаў для інфармавання аб святкаванні. Арганізатары намераны таксама абвесціць грамадскі збор сродкаў на правядзенне шэрагу мерапрыемстваў.

Гэтыя планы павінен зацвердзіць нацыянальны аргамітэт па правядзенню Дня Волі, які збярэцца ў Менску 22 студзеня.

Цалкам матэрыял пра пашыранае паседжанне працоўнай групы па падрыхтоўцы святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара