100-годдзе незалежнасці Польшчы адзначылі ў Бярозаўцы
У касцёле парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы ў салідарнасць з палякамі, якія жывуць у гэтай мясцовасці, а таксама з палякамі ва ўсім Свеце, адзначылі 100-годдзе незалежнасці Польшчы.
Пасля імшы сябры згуртавання польскай культуры ў Бярозаўцы павіншавалі ўсіх з гэтай гістарычнай датай, пасля чаго зладзілі для прысутных невялікі канцэрт, на якім выканалі як духоўныя, так і патрыятычныя польскія песні.
Ксёндз-пробашч Андрэй Радзевіч зазначыў, што тыя падзеі 100-гадовай даўніны маюць непасрэднае дачыненне і да гэтай мясцовасці, таму пра іх варта памятаць і ўсведамляць.
– Мы павінныя памятаць і разам радавацца, каб не дзяліліся і не мелі прэтэнзій адныя да другіх – палякі да беларусаў, а беларусы – да палякаў. Калі мы глядзім на гісторыю, то мы бачым асабліва тут, на гэтых землях, заўсёды беларусы і палякі жылі ў згодзе. Калі мы параўнаем хаця б з Украінай, дзе перажылі страшныя часы як з аднаго боку, так і з другога, то тут мы бачым, што заўсёды была згода і супакой паміж народамі. Мы павінны гэта далей падтрымліваць і старацца жыць у згодзе і братняй любові паміж сабой.
Услед за іншымі краінамі Усходняй Еўропы Польшча здабыла сваю незалежнасць 11 лістапада 1918 года. 100-гадовы юбілей гэтай памятнай даты шырока адзначылі палякі як у самой Польшчы, так і па ўсім Свеце.
Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка