100-годдзе ўтварэння БССР адзначылі ў Музеі кнігі
Набліжаецца 100-годдзе ўтварэння БССР са сталіцай у Смаленску. Гэтую дату адзначылі ў Менску – у Музеі кнігі, выставай аўтэнтычных дакументаў.
Кажа гісторык Валянцін Мазец:
– Людзі, якія апынуліся ва ўрадзе, ставілі ўсялякія перашкоды, каб беларусы вярталіся, і працавалі на карысць сваёй Радзімы. Пра гэта вельмі добра ў 1925 годзе ў сваіх успамінах пісаў Вільгельм Кнорын. Ён пісаў, маўляў, „нам удалося адхіліць беларусаў ад кіраўніцтва камуністычнымі секцыямі, якія ствараліся, і такім чынам мы пачалі кіраваць Беларуссю ад імя саміх беларусаў”.
БССР, а дакладней, ССРБ – Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі была абвешчаная ў Смаленску на сутыку 1918-1919 гадоў. Неўзабаве яе ўрад перабраўся ў Менск.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
