11 лютага ў Магілёве пачнецца суд над блогерамі Пятрухіным і Кабанавым



Ужо заўтра, 11 лютага, павінна пачацца судовае паседжанне над берасцейскімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым.

Аднак суды адбудуцца не ў Берасці, а ў Магілёве.

– Разгляд крымінальнай справы ў адносінах да аўтараў канала „Народны рэпарцёр” запланаваны на 11, 16, 19 і 23 лютага. Дакладна вядома, што судовае паседжанне пройдзе ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва ў зале № 113.

Як паведаміў адвакат грамадскага дзеяча, Сяргею Пятрухіну прад’яўлена абвінавачванне адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу – артыкул 391, частка першая артыкула 342 і артыкул 369. Блогера Аляксандра Кабанава будуць судзіць згодна часткі першай артыкула 342 і артыкула 369.

Апошні ліст, які даслаў на волю і змест якога быў публічна агучаны, ад блогера Сяргея Пятрухіна быў датаваны канцом студзеня. У ім паведамлялася пра пагаршэння ўмоваў утрымання.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце