11 «рэйкавых партызан» прызналі палітвязнямі
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ 11 чалавек. Гэта так званыя рэйкавыя партызаны, якіх затрымалі ў сакавіку, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Усім ім інкрымінаваны артыкул 289 КК (акт тэрарызму). Таксама палітычным зняволеным прызнаны Аляксей Шышкавец, які праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. арт. 361-1 КК – стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім.
Сілавыя органы Беларусі ставяцца да «рэйкавых партызан» жорстка. Як паведамляла МУС, трое з новых беларускіх палітвязняў — Мінкевіч, Клімаў і Аўрамцаў — пры затрыманні 30 сакавіка атрымалі кулявыя раненні. Паводле інфармацыі Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі, яны не аказвалі супраціву, але былі «мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы».
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці заяўляюць, што далейшае зняволенне Сяргея Глебкі, Дзмітрыя Равіча, Алега Малчанава, Дзяніса Дзікуна, Сяргея Канавалава, Аляксея Шышкаўца, Сяргея Плешкуна, Юрыя Сельвіча, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава з’яўляецца палітычна матываваным і патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Цяпер у краіне 1145 палітычных зняволеных.