11-ы дзень пратэстаў. Некалькі тысяч чалавек пратэставалі на плошчы Незалежнасці
Некалькі тысяч чалавек блізу 19-й гадзіны сабраліся на плошчы Незалежнасці ў Менску, каб выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Да ўдзельнікаў акцыі далучылася Марыя Калеснікава.
Сярод іх тыя, хто гадзінай раней прыйшоў на пратэст да будынка МУС. Да сыходу на плошчу людзі скандавалі „Караева пад суд!”, „Выпускай!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”, „Трыбунал!”, „Забастоўка!”, „Свабоду слова для ўсіх і кожнага!”.
Да акцыі на плошчы Незалежнасці далучыўся актывіст грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі. Ён прынёс гукаўзмацняльную апаратуру. Прайшоў мітынг у фармаце свабоднага мікрафона. „Нам давядзецца выходзіць яшчэ не адзін дзень, таму што Лукашэнка „зацягваў” нашу краіну 26 гадоў”, — сказаў Вінярскі.
Жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца пад арыштам, Марына Адамовіч паведаміла прысутным, што яе мужа ў ноч на 18 жніўня перавезлі з СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Жодзіна. Адамовіч зрабіла выснову, што ўлада „баіцца каласальнай падтрымкі палітвязняў”, і папрасіла грамадзян не спыняць акцыі.
Прысутныя скандуюць „Трыбунал!”, „Не забудзем, не даруем!”.
З вуліцы Савецкай прыехала калона веласіпедыстаў.
Праспект Незалежнасці перакрыты для асабістага транспарту, аднак грамадскі ходзіць.
* * *
У цэнтры Менска праходзіць акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Удзел бяруць некалькі дзясяткаў чалавек.
Міліцыя закрыла для праходу частку праспекта Незалежнасці ўздоўж будынкаў МУС і КДБ, таму пратэстоўцы стаяць на іншым баку. Людзі скандуюць: «Вы-пус-кай», «Лукашенку ў аўтазак», «Трыбунал».
Зранку з прапановай збірацца ля будынку Міністэрства ўнутраных справаў выступіў тэлеграм-канал „Нехта-лайв”. Нягледзячы на перакрыццё руху, сілавікі прапусцілі на гэты адрэзак праспекту калону машын з дзяржаўнымі сцягамі. Пратэстоўцы сустрэлі іх крыкамі „Ганьба!”. Затым насупраць ганку КДБ спыніўся аўтазак.
Фота: Радыё Свабода
* * *
Два чалавекі затрыманыя раніцай каля Менскага трактарнага завода падчас правядзення несанкцыянаванай масавай акцыі – паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.
«Для спынення супрацьпраўных дзеянняў міліцыянты адціснулі натоўп і затрымалі дваіх самых актыўных удзельнікаў мерапрыемства. Адзін з іх аказаўся непрацуючым жыхаром Ваўкавыска», – дадалі ў ведамстве.
У дачыненні да затрыманых распачалі адміністрацыйны працэс.
Нагадаем, што раніцай каля 500 чалавек сабраліся каля завода МТЗ падтрымаць тых рабочых, якія вырашыліся на страйк.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Ля прахадной Менскага трактарнага завода ў сераду раніцай АМАП разганяў тых, хто сабраўся. Тут былі работнікі завода, якія напярэдадні напісалі заявы на адпачынкі за свой кошт, а сёння не змаглі трапіць на тэрыторыю прадпрыемства з-за заблакаваных пропускаў. У МТЗ таксама былі работнікі Менскага маторнага завода, якія прыйшлі падтрымаць калег, і іншыя неабыякавыя людзі. Зараз ля прахадной знаходзіцца АМАП.
Учора ў телеграм-каналах распаўсюджвалася паведамленне, каб неабыякавыя людзі да 6.30 прыйшлі да прахадной МТЗ і падтрымалі работнікаў прадпрыемства, а ў раёне абеду – некаторыя іншыя прадпрыемствы, каб «падняць работнікам дух,
Сёння работнікі МТЗ, якія ўчора па дамоўленасці з гендырэктарам напісалі заявы на адпачынкі за свой кошт, не змаглі трапіць на тэрыторыю завода. Гэта некалькі сотняў чалавек. У іх заблакаваныя пропускі. Пры гэтым іншых іх калегаў, якія не пісалі заявы на адпачынкі, без праблем прапускалі на завод.
Паведамляецца, што заявы за свой кошт у аўторак напісалі каля 500 работнікаў. Яны маюць намер расказваць іншым работнікам пра акцыі салідарнасці і забастоўкі.
Да работнікаў МТЗ далучыліся неабыякавыя людзі, а таксама некаторыя работнікі Менскага маторнага завода. Аднак тых, хто сабраўся адціснуў бліжэй да выхаду да метро АМАП. Пазней людзі зноў падышлі бліжэй да завода, але сілавікі, да якіх да гэтага моманту прыбыло падмацаванне – яшчэ адзін аўтазак, ізноў не дазволілі ім тут знаходзіцца. Яны абступілі людзей і адціснулі іх бліжэй да Палаца культуры трактарнага завода, а потым – на процілеглы бок вуліцы Даўгабродскай.
Карэспандэнт паведамляе, што АМАП адвёў у бок аднаго з мужчын. Невядома, ці затрымалі яго.
***
Раніцай у Салігорску сабраліся забастоўшчыкі „Беларуськалія”. Сустаршыня страйкаму Анатоль Бокун на мітынгу заявіў, што „пад беспрэцэдэнтным ціскам… нашыя рады радзеюць” (ёсць звесткі, што рабочых палохаюць не толькі звальненнямі, але і крымінальнай адказнасцю і значная іх частка выйшла на працу).
Бокун праводзіць адкрытае пасяджэнне страйкаму. Як вядома, шахцёры патрабуюць прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі, адправіць у адстаўку Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну, прыцягнуць іх да адказнасці, вызваліць палітвязняў і затрыманых удзельнікаў мірных акцый. Бокун прапанаваў аб’явіць галадоўку ў падтрымку патрабаванняў. Але адзінства ў кіраўніцтве страйкаму – няма.
Беларускае Радыё Рацыя
***
ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, – адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спыненая вытворчасць. Як раней паведамляла Свабода, цяпер рабочыя не здабываюць руду і рыхтуюцца да поўнага бяспечнага безаварыйнага спынення вытворчасці. Раніцай 19 жніўня рабочыя збіраюцца на цэнтральнай плошчы Салігорска.