110-ыя ўгодкі Апанаса Цыхуна



Апанасу Цыхуну – вядомаму беларускаму патрыёту, заслужанаму настаўніку БССР, сябру Таварыства беларускай мовы – споўнілася б 110! Гэта быў старэйшы сябра для шматлікіх гарадзенцаў, якія ў пачатку 90-х мінулага стагоддзя далучаліся да беларускага нацыянальнага руху. Менавіта ён адкрыў для шырокага беларускага грамадства асобу акадэміка Яўхіма Карскага, яго намаганнямі ўвекавечана імя князя-каштэляна гарадзенскага замка – Давыда, сына Даўмонта Нальшанскага, якога цяпер ведаюць як Давыда Гарадзенскага. Адным з аўтараў каменя Давыда Гарадзенскага, які цяпер стаіць на каложскім плато, быў Апанас Цыхун.

Яго добра ведаў Алесь Крой, сябра нацыянальнай Рады ТБМ:

– Настаўнік ён быў заслужаны. Гэты чалавек адкрыў акадэміка Карскага, свайго земляка, стварыў музей, быў сябрам аргкамітэта першай гімназіі па стварэнні новага музея, калі зачынілі музей на радзіме Карскага. Усё жыццё ён быў асветнікам, як настаўнік папулярызаваў беларускую мову, культуру, пісаў вершы, займаўся беларускім фальклорам. Пасля 80 гадоў напісаў першую кнігу, а да 94 гадоў паспеў выдаць пяць.

Шостую кнігу Апанаса Цыхуна выдалі ўжо пасля ягонай смерці сябры Таварыства беларускай мовы. Традыцыйна 5 траўня сябры ТБМ ушаноўваюць памяць Апанаса Цыхуна кветкамі і лампадкамі на могілках «Сакрэт», дзе стаіць магільны камень заслужанага настаўніка і пісьменніка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя