115 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Жук-Грышкевіча



Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік Вінцэнт Жук-Грышкевіч нарадзіўся 10-га (23-га) лютага 1903 года ў мястэчку Будслаў, што на Мядзельшчыне. Вучыцца пачаў у мясцовай беларускай гімназіі, а пасля яе закрыцця перайшоў у Віленскую гімназію, якую скончыў у 1922 годзе. Родную літаратуру там выкладаў Антон Луцкевіч, пасля Жук-Грышкевіч ня раз падкрэсліваў, што выхоўваўся пад уплывам братоў Луцкевічаў. Далей меў навучанне ў знакамітым Пражскім універсітэце, які скончыў у 1926 годзе. З Карлавага ўніверсітэту ён выйшаў з дыпломам славянскай філалогіі.

Вярнуўшыся на радзіму, доўгі час (з 1927-га па 1939 гады, да прыходу бальшавікоў) настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў гісторыю, беларускую мову і літаратуру. Таксама быў выкладчыкам беларускай мовы ў Праваслаўнай Духоўнай Семінарыі і ў Вышэйшай Школе Палітычных Навук у Вільні. Актыўна дзеіў у беларускім руху.

У канцы верасня 1939 года Жук-Грышкевіч быў арыштаваны савецкай уладай і зняволены. Дастатковай падставай стала сяброўства ў “Беларускім навуковым таварыстве” і Таварыстве Беларускай Школы. Сядзеў у віленскай турме на Лукішках, потым этапаваўся ў турмы Беластоку, Вялейкі, Менску, Полацку, Воршы, як “сацыяльна небяспечны элемент” быў засуджаны да 8 гадоў савецкага канцлагеру. У лагерах працаваў на будоўлі чыгункі ад Белага мора да паўночнага Урала. У 1942 годзе як грамадзянін Польшчы быў вызвалены і трапіў у армію генерала Андэрса. Жук-Грышкевіч прайшоў па дарогах Іраку, Палесціны і Егіпту, браў удзел у бітве пад Монтэ-Касінам.

Пасля другой сусветнай вайны апынуўся на эміграцыі. Жук-Грышкевіч стаў першым старшынём першай эміграцыйнай арганізацыі “новай хвалі” – “Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі”. З 1950 года жыў у Канадзе. Там абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Лірыка Янкі Купалы”, у атаўскім універсітэце здабыў навуковую ступень доктара філасофіі. На два гады вяртаўся ў Еўропу, дзе працаваў у беларускай секцыі радыё “Вызваленне”. Быў жанаты з таксама вядомай беларускай дзяячкай Раісай Жук-Грышкевіч з роду Жукоўскіх, вялікай патрыёткай Беларусі.

Дастаткова значны час – з 1971-га па 1982 год – Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў старшынём Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адышоў у іншы свет Вінцэнт Жук-Грышкевіч у тым жа месяцы, што і нарадзіўся – 14 лютага 1989 году, крыху не дажыўшы да абвешчання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Пахаваны на беларускіх могілках Нью-Брансьвік у амерыканскім штаце Нью-Джэрсі. На надмагільным помніку выява Пагоні, арнамент з “Малое падарожнае кніжкі” Францішка Скарыны і напіс кірыліцай па-беларуску. Жук-Грышкевіч пакінуў пасля сябе светлую памяць і багатыя мемуары, у якіх расказаў пра сваё насычанае калізіямі жыццё.

Беларускае Радыё Рацыя