12.500 подпісаў за тэрміновыя меры па абароне грамадзян ад каронавіруса



Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” перадалі 3 красавіка ў Савет міністраў 12.500 подпісаў пад калектыўным зваротам з патрабаваннем прыняцця тэрміновых мер па абароне грамадзян Беларусі ад каронавіруснай інфекцыі COVID-19.

„Мы, ніжэйпадпісаныя, выступаем за тэрміновае прыняцце мер па абароне грамадзян Беларусі ад каронавіруса: увядзенне каранціну ў навучальных установах, адмену масавых мерапрыемстваў, прыняцце антыкрызіснага пакета па падтрымцы сем’яў, малога і сярэдняга бізнесу, публікацыю праўдзівай інфармацыі пра распаўсюджванне інфекцыі і інш.”, — сказана ў звароце.

На думку тых, хто падпісаўся пад петыцыяй, „бяздзейнасць уладаў пагражае распаўсюджваннем хваробы ў краіне, узнікненнем панікі сярод насельніцтва, банкруцтвам большасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, збядненнем насельніцтва і разбурэннем беларускай эканомікі”.

Сярод патрабаванняў петыцыі спыненне працы забаўляльных устаноў, забарона ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 10 чалавек да 20 красавіка, з магчымасцю працягу такой забароны, адмена парада 9 мая, „Славянскага базару”, чэмпіянату па футболе.

Акрамя таго, называецца шэраг неабходных мер падтрымкі для бізнесу (ільготныя крэдыты, падатковыя канікулы, адмена штрафаў і праверак і г. д.) і медыцыны (забеспячэнне неабходнымі тэстамі, сродкамі індывідуальнай абароны і інш.).

„13 тысяч подпісаў былі сабраныя за тры дні, у асноўным праз сацыяльныя сеткі. У тым ліку сыгралі ролю мае звароты, якія прагледзелі больш за мільён чалавек”, — пракаментаваў БелаПАН ініцыятыву сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, жыхары Беларусі актыўна падпісваюцца, бо ў іх „да ўладаў няма даверу, улады хлусяць”.

Збор подпісаў працягваецца, ініцыятары разлічваюць, што яго актыўнасць не спадзе. На 8 красавіка запланаваная перадача подпісаў у Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by