12 гадоў за забойства дзядулі з бабуляй



У пятніцу, 23 лютага, у судзе Слонімскага раёна быў абвешчаны прыгавор 18-гадоваму Аляксандру Грудзько, які летась у красавіку ў Слоніме забіў сваіх дзядулю і бабулю Леаніда і Тамару Богданаў. Забойца атрымаў 12 гадоў выхаваўчай калоніі, а таксама з абвінавачанага спагнана ў даход дзяржавы 3 846 рублёў.

Адвакат Аляксандра Грудзько незадаволены рашэннем суддзі, а таму плануе прыгавор абскарджваць у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што Леанід Богдан быў вядомым у Слоніме скульптарам, ён слонімцам пакінуў шмат сваіх працаў, звязаных з гісторыяй Слоніма і знакамітымі людзьмі. А трагедыя гэтая адбылася вечарам 29 красавіка 2017 года. Падчас сямейнага канфлікту Аляксандр Грудзько нанёс сваім бабулі і дзядулю 43 удары нажом і сякерай. Рэч у тым, што ўнук пэўны час выхоўваўся ў Слоніме, бо бацькі разам не жылі. Родны бацька меў іншую сям’ю і цяпер жыве каля Менска, а маці паўторна выйшла замуж і жыве ў Арабскіх Эміратах.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім