12 ліпеня пройдзе круглы стол “Абарона Курапатаў: якія далейшыя крокі?”
12 ліпеня а 12-й гадзіне ў сядзібе БНФ адбудзецца круглы стол дэмакратычнай грамадскасці “Абарона Курапатаў: якія далейшыя крокі?”.
Улада адрэагавала на Курапацкую варту праз месяц ад яе пачатку арыштамі арганізатараў ды найбольш актыўных удзельнікаў. ДАІ склала дзясяткі пратаколаў на актывістаў, але грамадская варта працягваецца. Забаўляльны комплекс “Поедем, поедим” працуе, але колькасць наведвальнікаў мізэрная – людзі байкатуюць забаўляльную ўстанову, што вырашыла адчыніцца каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Уласнік заяўляе пра гатоўнасць да перамоваў.
Якой мусіць быць далейшая стратэгія змагання за належнае стаўленне дзяржавы і бізнэсу да Курапатаў? Якія новыя крокі можа і павінна зрабіць грамадства дзеля абароны нацыянальнага некропалю Курапаты? Якая можа быць супольная пазіцыя абаронцаў Курапатаў у выпадку перамоваў з уласнікам рэстарацыі?
Партыя БНФ арганізуе круглы стол дэмакратычнай грамадскасці, дзе будуць абмеркаваныя гэтыя ды іншыя пытанні абароны Курапатаў. Удзел возьмуць кіраўнікі арганізацыяў ды дэмакратычныя актывісты, што нясуць Курапацкую варту, лідары ды ўдзельнікі ініцыятываў, што дзесяцігоддзямі змагаюцца за недатыкальнасць ды належную мэмарыялізацыю Курапатаў, дэпутаты парламенту Алена Анісім і Ганна Канапацкая, палітыкі і грамадскія лідары.
Круглы стол адбудзецца ў цэнтральным офісе Партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3) ў чацвер, 12 ліпеня, ад 12 да 14 гадзіны.