Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю – словы падтрымкі ад Еўразвязу і NATO (абноўлена)
Сёння, 12 лістапада, адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, у трэцюю гадавіну смерці пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.
Упаўнаважаны міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі апублікаваў у сваім твітары фотаздымкі з магілы Бандарэнкі. Палітык адзначыў: „Беларусы прагнуць мець свабодную радзіму. Іх кідаюць у турмы, яны шукаюць за мяжой прытулку ад пераследу альбо праз страх закрываюцца ў сабе. Некаторыя, як забіты 3 гады таму Раман Бандарэнка, аддалі жыццё за годнасць народу. Іх ахвяра не будзе дарэмнай”.
Вярхоўны камісар Еўразвязу ў знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль нагадаў пра „загінулых ад рук рэжыму ў выніку жорсткага абыходжання і адмовы ў медыцынскай дапамозе” ўдзельнікаў акцый пратэсту і палітвязняў. У сваёй заяве Барэль аддаў даніну павагі Вітольду Ашурку, Дзмітрыю Дудойцю, Аляксандру Віхору, Мікалаю Клімовічу, Дзмітрыю Сарокіну, Алесю Пушкіну.
Ён зноў заявіў, што Еўразвяз патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў. У заяве гаворыцца, што пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым учыніў больш за 40 тысяч палітычна матываваных арыштаў, распачаў не менш за 12 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў і ўтрымлівае амаль 1500 палітычных зняволеных.
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі NATO Міхал Шчэрба адзначыў, што барацьба беларусаў за свабоду „нагадвае, што дэмакратыя каштоўная і яе неабходна пастаянна абараняць”.
***
Сёння адзначаецца Дзень Міжнароднай салідарнасці з Беларуссю і ўшаноўваем памяць Рамана Бандарэнкі ды астатніх ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.
12 лістапада 2020 году ў выніку збіцця ў час затрымання на „Плошчы пераменаў”, памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камераў назірання пазналі экс-кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант.
Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Святлана Ціханоўская заклікала ў гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасці, дзяліцца навінамі з Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязняў, а таксама палка Каліноўскага.
Акцыі памяці Рамана Бандарэнкі пройдуць сёння ў Беластоку, Вільні, Варшаве, Гданьску, Вроцлаве, Познані ды шматлікіх іншых гарадах.