12 сутак арышту прысудзілі Міхаілу Чамураку за кармленне галубоў у Воршы (абноўлена)
У мінулую нядзелю сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі з райцэнтра Дуброўна прыязджаў у Воршу і разам з аднадумцамі карміў галубоў на плошчы Леніна.
Міхаіл Чамурака
Наступствамі сталі міліцэйскія пратаколы, распавёў аршанскі праваабаронца Ігар Казмярчак:
-Мне патэлефанаваў Міша Чамурака, што сёння міліцыя прыязджала да аднаго з актывістаў “Оршы для жыцця”. “Арша для жыцця” – гэта тэлеграм-канал. І потым сказаў, што і да яго прыехалі. У 13.31 ён ужо быў недасяжны праз тэлефон. Яго затрымалі ў Дуброўне, але затрымлівалі аршанскія міліцыянты, і яго адвезлі ў аршанскі РАУС.
Праз пару гадзінаў справу Міхаіла Чамуракі ўжо разбіраў суд Воршы і Аршанскага раёну. Суддзя Іна Кохава прызнала яго вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні і прысудзіла арышт на 12 сутак.
* * *
У Дуброўне, што на ўсходзе Беларусі, затрымалі палітычнага актывіста Міхаіла Чамураку.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі паспеў паведаміць па тэлефоне ў праваабарончы цэнтр «Вясна», што да яго дахаты прыехалі міліцыянты. Пасля на тэлефон ён ужо не адказваў, піша «Аршанскі рэгіянальны партал».
Прыблізна праз дзве гадзіны жонка Чамуракі звярнулася ў Аршанскі РАУС – хаця затрымлівалі Міхаіла ў Дуброўне, рабілі гэта чамусьці супрацоўнікі Аршанскай міліцыі. Доўгі час аршанскія міліцыянты не маглі нічога сказаць пра месцазнаходжанне мужа і нават ставілі пад сумнеў, што яго затрымлівалі аршанцы, але ў выніку паведамілі, што хутчэй за ўсё Міхаіл ужо ў судзе.
Судзіць Чамураку збіраюцца ў Аршанскім раённым судзе, хаця Дуброўна, дзе пражывае актывіст, – раённы цэнтр, і ўладам Аршаншчыны не падначальваецца. За што судзяць актывіста пакуль невядома, Чамурака не ўдзельнічаў ні ў запісах Ціханоўскага, ні ў так званым антыпарадзе на падтрымку зняволенага блогера.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: vitebskspring.org