12 светлых і пазітыўных датаў найноўшай гісторыі Беларусі
У звязку з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч Беларускае Радыё Рацыя пастаралася прыпомніць іншыя станоўчыя даты ў найноўшай гісторыі нашай краіны. Прадстаўляем сваю версію гэтых падзей у храналагічным парадку.
26 студзеня 1990 – Беларуская мова Вярхоўным Саветам БССР была абвешчана ў Беларусі адзінай дзяржаўнай.
27 ліпеня 1990 – Вярхоўным Саветам была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.
25 жніўня 1991 – Вярхоўны Савет БССР надаў “Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” канстытуцыйны статус і прыпыніў дзейнасць Камуністычнай Партыі Беларусі.
19 верасня 1991 – Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб змене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацверджана “Пагоня”, Дзяржаўным сцягам – бела-чырвона-белы сцяг.
Генерал Пётр Чавус уручае сцяг 11-й гвардзейскай мотастралковай брыгадзе. Фота: асабісты архіў.
8 снежня 1991 – У Віскулях (Белавежская пушча) былі падпісаныя пагадненні пра дэнансацыю дамовы аб утварэнні СССР і спыненне існавання такой дзяржавы.
30 студзеня 1992 – Беларусь была прынятая ў сябры Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЭ).
8 верасня 1992 – Беларускае згуртаванне вайскоўцаў арганізавала ў Менску на Пляцы Незалежнасьці прыняцце прысягі афіцэрамі на вернасць Бацькаўшчыне. У той дзень склалі прысягу 1135 чалавек.
8 ліпеня 1993 – У Менску пачаўся Першы з’езд беларусаў свету (доўжыўся 8-10 ліпеня).
15 студзеня 1994 – У Менск з афіцыйным візітам прыехаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Адбыліся яго сустрэчы з кіраўнікамі дзяржавы Станіславам Шушкевічам, Вячаславам Кебічам, а таксама прадстаўнікамі апазіцыі – Зянонам Пазьняком і Аляксандрам Дабравольскім. Клінтан таксама наведаў Курапаты.
13 лютага 1994 – У Лілехамэры (Нарвегія) Беларусь як суверэнная дзяржава пад бел-чырвона-белым сцягам дэбютавала на алімпіядзе – зімовых гульнях. У выніку па колькасці медалёў (два срэбных) заняла 12-е месца з 67 краін-удзельнікаў.
15 сакавіка 1994 – У Менску на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
8 кастрычніка 2015 – Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч абвешчана лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
Як бачна з гэтай храналогіі фактычна ўсе найбольш радасныя падзеі ў найноўшай гісторыі Беларусі прыпалі на пачатак дзевяностых гадоў дваццатага стагоддзя. За апошнія ж 20 год пазітыўныя эмоцыі ў беларускіх патрыётаў выклікалі хіба што асобныя поспехі і дасягненні спартоўцаў ды пэўныя культурніцкія набыткі. Пра найбольш жа змрочныя падзеі мы расказвалі раней.
Беларускае Радыё Рацыя