12 верасня тэмпературныя рэкорды абнавіліся ў Магілёве, Горках і Мазыры



Тэмпературныя рэкорды ў Беларусі фіксуюцца чацвёрты дзень запар. 12 верасня абнавіліся максімумы ў Магілёве і двух раённых цэнтрах, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

У Магілёве паветра прагрэлася да 27,3 градуса цяпла. Пабіты рэкорд, устаноўлены 12 верасня 2017 года, — 26,7. У гэтым абласным цэнтры новыя экстрэмумы фіксуюцца чатыры дні запар.

У Горках (Магілёўская вобласць) было 26,8 градуса вышэй за нуль (25,9 у 2017 годзе), у Мазыры (Гомельская вобласць) — 29,3 (29 у 2016 годзе). Гэты райцэнтр стаў самым цёплым месцам на тэрыторыі краіны.

У Гомелі паўтораны рэкорд дня (28,3 градуса ў 2016 годзе).

Абсалютны максімум дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў — 31 градус у Драгічыне (Брэсцкая вобласць) (зарэгістраваны 12 верасня 2016 года), аднак у электронным архіве на meteoinfo.by паказанні мясцовай станцыі не ўлічваюцца, і рэкордным лічыцца паказчык 29,9 градуса ў Пінску (таксама ў 2016 годзе).

Як паведамляў БелаПАН, 9 верасня абнавіліся максімумы дня на 17 метэастанцыях ва ўсіх абласцях, за выключэннем Брэсцкай, 10 верасня — на 12 станцыях у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, 11 верасня — на шасці станцыях у Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

Да гэтага рэкорды фіксаваліся 2 і 3 верасня.

Згодна з прагнозам Белгідрамета, 13 верасня вельмі цёплае для гэтай пары надвор’е захаваецца толькі на паўднёвым усходзе.