126 рублёў штрафу – за анонс акцыі супраць інтэграцыі
Жыхар Віцебску Аляксей Прохараў прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых акцый у Менску 7 і 8 снежня.
Працэс праходзіў у райсудзе Віцебскага раёну, суддзя Міхаіл Зубеня пастанавіў аштрафаваць 30-гадовага віцябляніна на 5 базавых велічынь.
На думку суддзі, сутнасць парушэння часткі 1 артыкула 23.34 КоАП РБ палягае ў тым, што Аляксей Прохараў “заклікаў на несанкцыянаваную акцыю”, размясціўшы на сваіх старонках у сацыяльных сетках аб’явы пра менскія акцыі. Сваю віну хлопец не прызнаў, хоць не адмаўляў ні таго, што зрабіў, ні свайго ўдзелу ў гэтых акцыях:
– Я зрабіў у сацыяльных сетках “Фэйсбук” і “В Контакте” пасты. І я прысутнічаў на абодвух мерапрыемствах. Я прызнаю, што парушыў гэты артыкул, але ці адпавядае ён Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? Людзі маюць права збірацца на мірныя сходы, і людзі проста сабраліся на вуліцы.
Судовая справа Аляксея Прохарава стала першай у рэгіёне, калі чалавека залічылі ў парушальнікі заканадаўства аб масавых акцыях толькі за тое, што ён перадрукаваў абвестку пра іх у сацыяльных сетках. На думку блогеркі Алены Янушкоўскай, гэта можа стаць прэцэдэнтам, калі людзей стануць судзіць за падобныя ўчынкі масава:
– І я раблю рэпосты, і шмат хто робіць рэпосты. Бо людзям не ўсё роўна! Я лічу, што гэта парушэнне Канстытуцыі – калі людзей вось так выклікаюць у суд і вінавацяць за заклікі… Бо мы маем права на распаўсюд інфармацыі!
Аляксей Прохараў збіраецца абскардзіць пастанову пра штраф за рэпосты аб’яваў пра антыінтэграцыйныя акцыі. Што да ўдзелу ў іх, то ён і надалей лічыць гэта неабходным, пакуль існуе пагроза незалежнасці Беларусі перад небяспекай інтэграцыі з Расеяй.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя