Гарадзенскія праваабаронцы сустрэліся са слонімцамі
Гарадзенскія праваабаронцы зладзілі сустрэчу са слонімцамі ў межах запланаваных мерапрыемстваў з грамадскасцю Гарадзеншчыны.
Паводле запоўненых анкетаў адбылася дыскусія па праблемах Слоніма. Абмяркоўвалася актывізацыя грамадскасці ў справе вырашэння мясцовых праблем.
Слонімцы сярод іншага адзначылі, што маюць праблемы з якасцю пітной вады і з працай ЖКГ, а таксама праблему палення, якой спрыяе пабудова адмысловых шапікаў, дзе прадаюцца толькі тытунёвыя вырабы.
Кажа праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Размова выйшла далёка за мясцовыя праблемы, хаця дробнымі іх можа і не назавеш, яны дастаткова актуальныя. Людзі ўзнімалі пытанні агульнабеларускага значэння і нават, я б сказаў, сусветнага значэння. Людзі вельмі цікавіліся, што прадставіць апазіцыя на будучых выбарах, ці будзе адзіны. У людзей ёсць свае думкі наконт гэтага, яны маюць свае перакананні, яны нават прапанавалі пэўны сцэнар, як выбіраць гэтага адзінага.
Праваабаронцы Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч нагадалі слонімцам пра працу праваабарончага цэнтра “Вясна”, падзяліліся кантактамі і распавялі пра тое, як і па якіх справах людзі могуць звяртацца па прававую дапамогу.
Праваабаронцы таксама выслухалі меркаванне слонімцаў, якія ўжо звярталіся да вясноўцаў і прынялі іх заўвагі. Гарадзенскія праваабаронцы будуць і надалей праводзіць працоўныя сустрэчы ў рэгіёнах Гарадзеншчыны, каб лепш спазнаць мясовыя праблемы, знайсці шляхі іх вырашэння, а таксама даведацца, што думаюць рэгіяналы пра сённяшні стан рэчаў у краіне, піша “Гарадзенская вясна”.
[Not a valid template]
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота harodniaspring.org