130 гадоў з дня нараджэння Яфіма Бялевіча



Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, міністр юстыцыі і фінансаў ураду БНР Яфім Бялевіч нарадзіўся 27 лютага 1888 году ў Менску. Пачатковую адукацыю атрымаў у мінскай гімназіі, з якой быў у 1907 годзе выключаны за ўдзел у вучнёўскіх пратэстах. Тады не ўдалося пазбегнуць і арышту. Неўзабаве Яфім Бялевіч быў вызвалены, гімназію скончыў пазней экстэрнам. Пасля гэтага паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту, які скончыў у 1912 годзе.

З надыходам першай сусветнай вайны Яфім Бялевіч быў прызваны ў войска, ваяваў на фронце ў чыне прапаршчыка, а пасля штабс-капітана. У гэты час адбываецца фармаванне нацыянальнага светагляду асобы. У 1917 годзе Бялевіч ад беларусаў-вайскоўцаў быў абраны дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэсу, які адбыўся ў снежні. Пасля абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі Бялевіч займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе абвешчанай дзяржавы. У выніку палітычных разыходжанняў ва ўрадзе зышоў у адстаўку. У чэрвені 1918 года для ўрэгулявання бежанскага пытання накіроўваўся ў Петраград, Маскву, Віцебск і Смаленск. Пасля дыпламатычны прадстаўнік ураду БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

Яфім Бялевіч у другім радзе справа

У 1919 годзе арыштаваны тагачаснай польскай уладай, але здолеў збегчы з пад варты. У гэты час Яфім Бялевіч відавочна “пахіснуўся” улева – ён стаў сябрам партыі сацыялістаў-федэралістаў, пазней – Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З апошняй ён выйшаў у жніўні 1920 года з-за адмовы яе лідараў падпісаць Дэклярацыю пра абвяшчэнне незалежнасці БССР. Далей два гады служыў у Гомелі ў чыгуначных частках Чырвонай арміі. Аднак саветы не даравалі Бялевічу яго ўдзелу ў стварэнні БНР, у кастрычніку 1920 года ён быў арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па “падазрэнні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці”. Праз шэсць месяцаў вызвалены. Далей працаваў у сістэме фінансаў, цягам 1925-30 гадоў займаў пасаду ўпаўнаважанага наркамфіну БССР, яшчэ пазней быў на працы ў Белшвейаддзяленні Вышэйнага савета народнай гаспадаркі.

Сталінскія рэпрэсіі не маглі абмінуць асобу з мінулым бэнээраўскага дзеяча. У сакавіку 1932 года Яфім Бялевіч быў арыштаваны і засуджаны да пяці гадоў зняволення ў савецкім канцлагеры. Этапаваны ў Свірскі канцлагер НКВД Ленінградскай вобласці. Ужо там праз чатыры гады быў узяты пад варту. Ленінградскім судом засуджаны яшчэ да 5 гадоў зняволення і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Доўгі час было невядома, дзе і калі загінуў Яфім Бялевіч. Калі адчыніліся архівы, даследчыкі ўстанавілі, што загінуў ён у Магаданскім канцлагеры 13 снежня 1942 года. Праз даволі значны час пазней быў па першым прысудзе рэабілітаваны ў 1963 годзе прэзідыумам Мінскага абласнога суда, а па другім – пракуратурай Расейскай федэрацыі ў 1992 годзе.

Лёс Яфіма Бялевіча склаўся не зусім тыпова сярод айцоў БНР. Адны з іх пастанавілі і паспелі з’ехаць на эміграцыю, папрацавалі плённа там на беларускую справу, іншыя – адразу былі вызначаныя як “ворагі народу” і загінулі. Цяжка сказаць, ці Яфім Бялевіч сапраўды шчыра паверыў савецкай уладзе, ці спрабаваў нейкім чынам прыстасавацца да яе, але шанцаў выжыць у той сістэме ў яго не было.

Беларускае Радыё Рацыя