136 гадоў з дня народзінаў Станіслава Булак-Балаховіча



136 гадоў таму ў вёсцы Мейшты (цяпер Літва) нарадзіўся беларускі, польскі і расейскі вайсковы дзеяч Станіслаў Булак-Балаховіч.

„Генерал Булак-Балаховіч цесна звязаны і з нашым горадам”, – кажа берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі:

Балаховіч стварыў у Эстоніі асобны атрад з беларусаў, і гэты асобны атрад БНР ваяваў за незалежнасць Эстоніі, потым рэйдам дайшоў да Дзвінска, а ўжо з Дзвінска трапіў сюды, у Берасце, у Берасцейскую крэпасць на перафарматаванне. Ёсць знакамітыя здымкі 20-х гадоў, калі Балаховіч з жонкай сфатаграфаваліся на гэтых узгорках каля форту „Берг”.

Пасля Берасця Булак-Балаховіч адправіўся ў свой знакаміты вайсковы рэйд па Палессі і неўзабаве дайшоў да Мазыра, які на той час быў заняты бальшавікамі, дзе трэці раз абвясціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Загінуў 10 траўня 1940 года ад рук немцаў у акупаванай Варшаве. У Берасці, акрамя месцаў, звязаных з дыслакацыяй войска генерала Балаховіча, існуюць таксама і „Балахоўскія (Рэчыцкія) могілкі”, дзе пахаваныя жаўнеры з ягонага атрада.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце