14 пікетаў запланаваныя ў падтрымку малога памежнага руху
Чатырнаццаць заявак на пікеты ва ўсе раённыя цэнтры Гарадзеншчыны падалі сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Мэта пікету – праінфармаваць грамадзянаў Беларусі пра сітуацыю з падрыхтоўкай праграмы малога памежнага руху з Польшчай і Літвой.
Сяргей Верамеенка, адзін з актывістаў за “малы памежны рух” лічыць, што ўлады напярэдадні выбараў 2015-га году могуць дазволіць пікет.
– Сёння ўжо бачна, што ідзе падрыхтоўка да гэтага. Міністр замежных справаў Беларусі ўжо вырашаў на сваім узроўні дадзенае пытанне з нашымі суседзямі. Бачым, што і ў нашым рэгіёне ідзе падрыхтоўка – будуецца новая дарога ў напрамку да Аўгустоўскага каналу. Ёсць мясціны, якія варта наведаць, у тым ліку, і палякам Толькі няма інфраструктуры. Але мы бачым, што яна падрыхтоўваецца.
Агулам на правядзенне інфармацыйных пікетаў пададзена дзевятнаццаць заяваў ва ўсёй памежнай зоне. Сярод іншага: у Берасці, Жабінцы, Камянцы, Маларыце, Пружанах, Гародні і Свіслачы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя