145 гадоў таму на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіўся першы тэлефон
145 гадоў таму, 18 снежня 1872 года, на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіўся першы тэлефон. Уладальнікам апарата стаў князь Фёдар Паскевіч. Тэлефонныя лініі спалучылі гомельскі палац Паскевічаў з фальваркамі, фабрыкамі і маёнткамі.
Гісторык Юрый Глушакоў падкрэслівае, што тэлефанізацыя Гомеля толькі ўмоўна звязаная з асобай князя Фёдара Паскевіча:
– Як буйны ўладальнік ён быў асабіста зацікаўлены, каб у ягоным палацы з’явіўся гэты нумар. Але трэба адразу адзначыць, што карыстацца тэлефонам у тыя часы было вельмя нятанна. І гэтую раскошу маглі дазволіць сабе толькі вельмі заможныя людзі – гэта буйныя абшарнікі, прадпрымальнікі, купцы, чыноўнікі і так далей.
Паводле Юрыя Глушакова, пяршынства Гомеля ў тэлефоннай сувязі абумоўлена тым, што ўжо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў горадзе дзейнічаў тэлеграф, які злучаў Санкт-Пецярбург і Кіеў. У 1913 годзе ў горадзе над Сожам было каля 300 абанентаў тэлефоннай сувязі. Каштаваў гэты від паслуг 49 царскіх рублёў у год, у той час як сярэдні месяцовы заробак гомельца складаў каля 20 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель