15 базавых адзінак штрафу за ружы ў кватэры…



25 сакавіка ў Мастах адбыўся суд над журналістам і грамадскім актывістам Язэпам Палубяткам. За адзіночны пікет суд асудзіў яго на 15 базавых адзінак штрафу.

Адзіночным пікетам суд палічыў выяву на падаконніку бел-чырвона-белага сцягу і ружы ў кватэры. 25 сакавіка Язэп Палубятка аплаціў штраф, а 26 сакавіка ён плануе забраць з Мастоўскага РАУС канфіскаваныя тэхніку, літаратуру і асабістыя рэчы. А потым спадар Палубятка мяркуе разабрацца, хто ўчыніў гэтую незаконную канфіскацыю.

Нагадаем, што ў панядзелак, 22 сакавіка, Язэп Палубятка з Мастоў па позве капітана міліцыі Мастоўскага РАУС Паўла Сіўца, паўшоў у аддзел міліцыі і дамоў не вярнуўся. За што Язэпа Палубятку выклікалі ў міліцыю, яму спачатку не растлумачылі, проста выклікалі і там затрымалі на 72 гадзіны.

Пасля затрымання Язэпа Палубяткі, дамоў прыехала міліцыя і пачала рабіць ператрус. У кватэры міліцыянеры паглядзелі ўсе паперы, кнігі, часопісы. Забралі сістэмны блок камп’ютэра, мабільны тэлефон, сканер і фотаапарат.

Беларускае Радыё Рацыя