15 базавых велічынь за заклік да ўдзелу ў Дні Волі



29 сакавіка Слуцкі раённы суд разгледзеў адміністрацыйную справу абласнога каардынатара руху «За свабоду» Віталя Амяльковіча, абвінавачанага па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (прызыў на несанкцыянаванае мерапрыемства).
 
24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, жыхара Слуцка затрымалі а 18-й гадзіне ў цэнтры Слуцка. Пасля ператрусу ў кватэры яго абвінавацілі ў закліку на несанкцыянаванае мерапрыемства (ч.1 23.34 КаАП) за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» выявы і тэксту пра Дзень Волі, паведамляе радыё „Свабода”.
 
Судовае пасяджэнне адбылося без удзелу самога актывіста. Віталь Амяльковіч прасіў суд перанесці судовае паседжанне на наступны дзень у сувязі з асабістымі абставінамі. У зале прысутнічала група людзей, якія прыйшлі маральна падтрымаць актывіста.
 
– Суддзя Аляксандр Тарасюк зачытаў заяву Амяльковіча пра перанос разгляду справы на іншы дзень, а пасля абвясціў перапынак на 30 хвілін, – кажа Марына Дамарад, якая прысутнічала ў зале. – Потым сакратар суда праінфармавала суддзю, што ў перапынку яна вывучала інфармацыю пра магчымыя паважныя прычыны адсутнасці ў судзе Амяльковіча (тэлефанавала ў паліклініку, у іншыя ўстановы) і не мае гэтакай інфармацыі. Суддзя Тарасюк працягнуў судовы працэс, агучыў матэрыялы справы. Ніякіх сведак, у тым ліку міліцыянтаў, якія затрымлівалі грамадскага актывіста, у судзе не было.
 
Хоць, паводле матэрыялаў справы, грамадскі актывіст не прызнаў сябе вінаватым, да таго ж ужо меў пакаранне – адсядзеў пад арыштам двое сутак, суддзя Аляксандр Тарасюк прызнаў Віталя Амяльковіча вінаватым у закліку да грамадзян узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі і пакараў яго штрафам на суму 15 базавых велічынь (345 рублёў).
 
Паводле belaruspartisan.org