15 сутак арышту прысудзілі Ігару Бараноўскаму



Такое рашэнне было прынята суддзёй суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандрам Семянчуком у адносінах да Ігара Бараноўскага.

Краязнаўца быў затрыманы ў нядзелю, 4 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Берасці, калі ў горадзе адбываўся „Марш вызвалення палітвязняў”. Гэта адна з шэрагу рэгулярных акцый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Вінавацілі Ігара Бараноўскага ў „Парушэнні парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў” КоАП РБ. Гэта адзін з найбольш папулярных адміністрацыйных артыкулаў апошніх месяцаў, паводле парушэння якога караюць грамадзян за ўдзел у акцыях пратэсту:

– Людзі не здаюцца, гэтыя гулянні людзей адбываюцца. Моладзь канешне пераважна, ясна, што людзі старэйшыя ўжо не могуць далучыцца, хоць і спачуваюць. Ясна, што будзе нязломная частка заўсёды людзей, але актывістаў вылаўліваюць.

„Ігар Бараноўскі — вядомы краязнаўца і грамадскі дзеяч, які стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння напрыканцы 1980-х, папулярызатар беларускай літаратуры на Берасцейшчыне, грэка-каталіцкі актывіст”, – напісаў у Facebook пасля ягонага арышту паплечнік Юрый Несцер.

Суддзя ж суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук не ў першы раз разглядаў справы у дачыненні да берасцейскіх грамадска-палітычных актывістаў і журналістаў недзяржаўных медыя. Праваабаронцы называлі тыя справы „палітычна матываванымі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце