15 сутак – за мінулагоднюю акцыю супраць дэкрэту „аб дармаедах”



У Пінску затрыманы актывіст Дзмітрый Тарасюк. Бліжэйшыя 15 сутак ён правядзе ў ізалятары. Яшчэ ў красавіку мінулага года суд пакараў Тарасюка штрафам у 50 базавых велічынь за нібыта непадпарадкаванне АМАПу і 15 суткамі арышту непасрэдна за сам удзел у дзвюх сакавіцкіх акцыях на гарадской плошчы. Тады актывіст сплаціў штраф, але ў ізалятар не трапіў, бо паспеў надоўга з’ехаць у замежжа на заробкі. Адседзець мусіць цяпер.

Пінскі сябра Партыі БНФ і Руху „За Свабоду” Алесь Рамановіч з уласнага досведу ведае, што такая практыка распаўсюджана ў краіне:

– Такое практыкуецца ў нас у Беларусі. Напрыклад, у мінулым годзе, калі я сядзеў, шмат людзей было, у якіх  прайшоў год і там спахапіліся, іх выклікаў участковы і прад’явіў, што вось, вам трэба адсядзець пяць ці болей сутк. Самае цікавае, што гэтыя людзі нават не ведалі, што суды прайшлі!

Нагадаем, што летась у Пінску адбыліся дзве масавыя акцыі „недармаедаў”. Пад рэпрэсіі трапілі звыш 20 мясцовых жыхароў. Частка з якіх атрымала не толькі вялікія штрафы, але і арышты ад 5 да 15 сутак. 

Беларускае Радыё Рацыя