15 траўня адзначаецца Міжнародны дзень сям’і
Гэты дзень быў устаноўлены Генеральнай асамблеяй ААН дваццаць пяць год таму. А пачалі святкаваць яго штогод з 1994 года. Галоўная мэта гэтага дня – звярнуць увагу грамадскасці на шматлікія праблемы сям’і.
Па дадзеных Белстата, у Беларусі ў мінулым годзе зарэгістравана крыху больш за 66 000 шлюбаў, але і разводаў больш за 32 000. Якое ж месца займае сям’я ў жыцці чалавека? Пра гэта выказваюцца жыхары Віцебшчыны:
– Гэта самае галоўнае ў нашым жыцці. Мы ўжо разам з мужам 20 год. Сёлета 28 чэрвеня ўжо будзе 21 год як мы разам. Выхоўваем траіх дзяцей. Старэйшаму Славіку ўжо 19 гадоў. Стасю – 15 і Тарэзцы, дачушцы, 7 годзікаў.
– Сям’я, атрымліваецца, – гэта асноўны сэнс майго жыцця на дадзены момант.
– Сям’я для нас – гэта жыццё. Я не ўяўляю жыцця без сям’і. У нас вялікая фермерская гаспадарка, называецца “Віктар і сыны”.
– Сям’я – гэта тое, на што грамадства абапіраецца. Проста быць разам – вельмі важны аспект, які яднае сям’ю, які дапамагае адчуваць блізкасць роднага чалавека, яго любоў, падтрымку.
Кожны год да Міжнароднага дня сям’і абіраецца пэўная тэма. У мінулым годзе яна была прысвечана сям’і, адукацыі і дабрабыту. Сёлета разглядаецца роля сям’і як часткі інклюзіўнага грамадства.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота colourbox.com