150-годдзе Рамана Скірмунта



150 гадоў таму ў вёсцы Парэчча, што на Піншчыне, нарадзіўся выбітны прамысловец і палітычны дзеяч Беларусі Раман Скірмунт (1868-1939). Ён стаяў у вытокаў беларускай дзяржаўнасці, аказваў падтрымку беларускамоўным выданням і нацыянальным арганізацыям, такім як газета “Наша Ніва” ды партыя Беларуская Сацыялістычная Грамада. Раман Скірмунт узначаліў першы беларускі палітычны прадстаўнічы орган – Нацыянальны камітэт ды ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі.

У эфіры нашага радыё пра славутую постаць нацыянальнай гісторыі разважалі рэдактар часопісу “Гістарычная Брама” Аляксандр Ільін і намесніца старшыні Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:

Мы з гонарам гаворым пра тое, што Раман Скірмунт нарадзіўся на нашай пінскай зямлі. Быў ахрышчаны ў пінскім касцёле. За ўсё свае жыццё зрабіў шмат важных спраў як прамысловец, як захавальнік прамысловай традыцыі, што ўзнікла яшчэ ў ХІХ стагоддзі, а можа нават напрыканцы XVIII стагоддзя на Палессі. Гаворым пра яго як пра палітыка, чалавека ініцыятыўнага, адукаванага, паплечніка іншых выбітных асобаў перыяду беларускага адраджэння. Яно прыйшлося на вельмі складаны час – Першую сусветную вайну. Ужо пачаліся падзеі, якія паўплывалі на далейшы лёс і Палесся, і ўсёй Беларусі. Гэта былі падзеі – хто прыйдзе да ўлады і ці стане Беларусь незалежнай дзяржавай. І вось калі з пункту гледжання беларускай гісторыі, то гэта вельмі знакавая постаць.

Таццяна Хвагіна, як і Аляксандр Ільін упэўненыя, што беларускае грамадства неўзабаве адкрые для сябе ўсю веліч постаці Рамана Скірмунта, прынамсі ў апошнія гады гэтая асоба ўсё больш выходзіць з цені мінуўшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя не першы раз распавядае пра Скірмунта. У нашых матэрыялах: “Прэм’ер Беларусі, які не рызыкнуў стаць дыктатарам”, “За год да абвяшчэння БНР”, “Як адбывалася вяртанне імя прэм’ера БНР” і “Забойства верагоднага прэзідэнта” магчыма больш даведацца пра біяграфію дзеяча.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя