16 верасня слонімцы выйдуць на суботнік
Рашэннем Слонімскага райвыканкама 16 верасня на Слонімшчыне аб’яўлены суботнік. Мэта суботніка – сабраць сродкі на ўпарадкаванне малога канала Агінскага ў Слоніме.
Справа ў тым, што грамадскае аб’яднанне “СлонімКаналАгінскага” ў Слоніме пачало ўпарадкаванне малога канала Агінскага. Малы канал Агінскага з’явіўся ў Слоніме тады, калі слонімскім старастам быў Міхал Казімір Агінскі (1728-1800). Але ў апошнія дзесяцігоддзі малы канал стаў даволі плыткім і пачаў зарастаць травой і хмызнякамі. Каб выратаваць гістарычны малы канал Агінскага ў Слоніме і было створана два гады таму ГА “СлонімКаналАгінскага”. Сябры грамадскага аб’яднання ўжо сабралі 32 тысячы беларускіх рублёў (збор сродкаў працягваецца) і за гэтыя грошы пачалося ўпарадкаванне малога канала. Але гэтых сродкаў даволі мала. Таму мясцовая ўлада аб’явіла яшчэ суботнік, каб грошы ад суботніка таксама выдаткаваць на ачыстку малога канала Агінскага.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім