17 арганізацый заклікалі да вызвалення ўсіх зняволеных беларускіх журналістаў
Напярэдадні прызначанага на 7 лютага Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 17 арганізацый, што працуюць у галіне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды СМІ, заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія знаходзяцца ў зняволенні.
У сумеснай заяве, размешчанай на сайце фонду Justice for Journalists, адзначаецца, што амаль праз шэсць месяцаў пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра пераканаўчую перамогу на выбарах, якія ў свеце былі шырока прызнаныя фальсіфікаванымі і асуджаныя, лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская застаецца ў выгнанні, а тысячы пратэстоўцаў працягваюць выходзіць на вуліцы.
„Рэжым зрабіў усё магчымае, каб перашкодзіць сваім грамадзянам атрымліваць доступ да незалежнай інфармацыі. У агенцтваў навін адклікалі ліцэнзіі СМІ. У некаторых канфіскаванае абсталяванне. Рэдакцыям незалежных выданняў забаронена друкаваць і прадаваць газеты праз нацыянальнага дзяржаўнага манапаліста”, — гаворыцца ў заяве.
„У межах гэтай барацьбы ўлады таксама выкарыстоўвалі гвалт, пагрозы і адвольныя затрыманні, каб запалохаць журналістаў і перашкодзіць ім выконваць сваю працу. Рэпарцёры і фатографы ў бронекамізэльках наўмысна робяцца ахвярамі праваахоўных органаў”, — канстатуюць падпісанты.
„З набліжэннем Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ. Мы асуджаем абуральныя парушэнні іх правоў чалавека і яшчэ раз нагадваем беларускім уладам пра іх абавязкі паводле міжнароднага права”, — падкрэсліваюць аўтары заявы.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2020 годзе прадстаўнікоў СМІ ў Беларусі затрымлівалі 480 разоў. Яны правялі за кратамі больш за 1.200 дзён, часта без паведамлення, якія абвінавачванні ім прад’яўленыя.
Зараз у турмах па крымінальных артыкулах знаходзяцца дзевяць прадстаўнікоў беларускіх медыя і „Прэс-клуба”. Ім пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны па палітычна матываваных абвінавачаннях.
Найбліжэйшы такі працэс пачнецца ў Мінску 9 лютага — карэспандэнтак тэлеканала „Белсат” Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія вялі стрым з акцыі 15 лістапада, абвінавачваюць у каардынацыі пратэстаў. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
У зняволенні па крымінальных артыкулах таксама застаюцца журналісты і работнікі СМІ: Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў.
Заяву з патрабаваннем аб іх вызваленні падпісалі прадстаўнікі арганізацый: Index on Censorship; Human Rights House Foundation (HRHF); Justice for Journalists Foundation; European Federation of Journalists (EFJ); ARTICLE 19; European Centre for Press and Media Freedom (ECPMF); Міжнароднай асацыяцыі „Прэс-клубаў” (IAPC); Press Club Polska; Presseclub Concordia (Вена); Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ); Overseas Press Club of America (OPC); Frankfurter Presseclub; Press Club Brussels Europe; Geneva Press Club; Польскага клуба міжнародных аглядальнікаў; FCC of South Asia; Jerusalem Press Club.