17 гадоў з моманту знікнення Дзмітрыя Завадскага



Сёлета 7 ліпеня спаўняецца 17 гадоў з моманту знікнення пры нявысветленых абставінах Дзмітрыя Завадскага.

«За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не адказалі на пытанні, хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства, і што на самой справе здарылася з Дзмітрыем», – адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Па факце знікнення Дзмітрыя была пачата крымінальная справа па артыкуле „забойства”, аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».

БАЖ нагадвае, што 14 сакавіка 2002 года Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС „Алмаз” Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства стала помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.

БАЖ па-ранейшаму «патрабуе ад кампетэнтных органаў поўнага расследавання абставінаў знікнення Дзмітрыя Завадскага».

Акрамя гэтага, журналісцкая арганізацыя заклікае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці не забываць пра справу Завадскага і не даваць забыць яго уладам да таго часу, пакуль „не даведаемся ўсёй праўды пра гэта злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў».

Паводле naviny.by