18 гадоў таму быў скрадзены Юры Захаранка
7 траўня споўнілася 18 гадоў, як у Менску пры нявысветленых да канца абставінах невядомымі быў скрадзены былы міністр унутраных спраў, адзін з лідараў апазіцыі Юры Захаранка.
Яго лёс дагэтуль невядомы, але шмат хто ў Беларусі і свеце мяркуе, што з ім паквіталіся беларускія ўлады. Напярэдадні знікнення Юры Захаранка заяўляў пра неабходнасць расследавання загадкавай смерці лідара апазіцыі Генадзя Карпенкі, а таксама публічна абвінавачваў Аляксандра Лукашэнку ў захопе ўлады ды іншых злачынствах.
Следства па факце знікнення Юрыя Захаранкі фармальна дагэтуль працягваецца, ужо больш за 10 гадоў справу праз кожныя паўгода падаўжаюць, але, як мяркуюць беларускія праваабаронцы, рэальна справа замарожаная.
З апошніх навінаў у справе Юрыя Захаранкі праваабаронцы вызначаюць тое, што ў сакавіку Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў скаргу на беларускія ўлады маці зніклага экс-міністра Ульяны Захаранкі, якая была пададзеная ў 2014 годзе. Маці зніклага апазіцыянера даводзіла, што ўлады Беларусі наўмысна зацягваюць расследаванне справы яе сына, у тым ліку не інфармуюць пра захады, каб знайсці тых, хто яго выкраў, і пакараць іх паводле закону.
Дырэктар Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская пракамэнтавала атрыманы з ААН дакумент. „Афіцыйна праінфармавалі, што скарга Ульяны Захаранкі разгледжаная. Прызнана, што Беларусь парушыла правы Юрыя Захаранкі, што, верагодна, ён стаў ахвярай забойства, якое зрабілі службовыя асобы, і дзяржава мусіць правесці расследаванне ды пакараць вінаватых.”