18 гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі
Васемнаццаць гадоў таму ў Менску пры нявысветленых абставінах зніклі або былі выкрадзеныя апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.
Увечары 16 верасня 1999 года Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, размешчаную ў Мінску на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў „Джып-Чэрокі” Красоўскага.
Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менска. Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці высноваў аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.
15 верасня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і кіраўнік экспертнага савета арганізацыі Аляксандр Дабравольскі ўсклалі кветкі да месца знікнення Ганчара і Красоўскага.
„Ёсць адзін пункт, па якім ніколі і ні з кім не можа быць кампрамісу. Гэта тое, што адбылося з Ганчаром, Красоўскім, Захаранкам, Завадскім. Ні ў кога няма права забіраць жыццё людзей, якія адрозніваюцца ад цябе толькі поглядамі або ў якіх іншая пазіцыя”, — заявіў БелаПАН Лябедзька.
Паводле яго слоў, „вельмі важна нагадваць грамадзянам і ўладзе, што ніхто не забыты і нішто не забытае”. „Самае простае, што мы можам зрабіць, гэта прыехаць на месца выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і ўскласці кветкі. Па-другое, гэта проста напамін людзям, што тыя падзеі сталі часткай нашай гісторыі. Усё роўна, калі гэта будзе, але выканаўцы, заказчыкі і арганізатары павінны прайсці праз лаву падсудных”, — заявіў палітык.
belapan.by