18-гадовая віцеблянка ўжо адседзела „суткі” ў СІЗА, і яе зноўку будуць судзіць
Сафія Цярэнцьева, навучэнка тэхналагічнага каледжа, чакае чарговага выкліку ў суд за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Яе вінавацяць за ўдзел у мірным маршы, і ў мінулым месяцы яе ўжо каралі за такое сама правапарушэнне: 18-гадовай дзяўчыне прысудзілі двое сутак арышту, якія яна адбыла ў следчым ізалятары. Бо ізалятар часовага ўтрымання ў Віцебску на рамонце, і затрыманых размяшчаюць у іншай установе – практычна, у турме.
Тады Сафію забралі ў СІЗА наўпрост з каледжа, не даўшы магчымасці паведаміць пра гэта родным. Абыходзіліся, як з сапраўднай злачынцай, кажа дзяўчына:
– Металічны кубак, матрас, тварам да сценкі, рукі за галаву… Мяне распраналі, абшуквалі, змушалі прысядаць, нібыта я страшны злачынца. Я вельмі злавалася, бо парушылі ўсе мае планы: я назаўтра збіралася ехаць у Менск, ужо замовіла маршрутку. Але мне пашанцавала: са мной у камеры былі яшчэ дзяўчаты, якіх забралі таксама па артыкуле КаАП 23.34. Мы спявалі песні. І калі выходзілі, нам сказалі: “Спявайце грамчэй!”
Калі ў Сафіі Цярэнцьевай будзе наступны суд, пакуль невядома. Дзяўчына кажа, што ціск яе не напалохаў, і што яна гатова дапамагаць ўсім іншым, хто перажывае ціск і рэпрэсіі: хадзіць на знак салідарнасці на судовыя працэсы, падтрымліваць асуджаных, дасылаць лісты палітвязням.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск