18 красавіка могуць абвесціць прысуд Сяргею Пятрухіну



18 красавіка ў 09:45 у судзе Ленінскага раёна працягнецца працэс над Сяргеем Пятрухіным.

Берасцейскага блогера вінавацяць у “Паклёпе” і “Абразе”, пацярпелымі выступаюць супрацоўнікі міліцыі. Пракурор патрабуе пакараць Сяргея двума гадамі “хіміі” і 100 базавымі велічынямі штрафу:

– Працэс быў закрытым. У зал нагналі міліцыянтаў з Ленінскага РАУС. Нармальным людзям не было дзе сесці. Былі адны міліцыянты. Гэта таксама пэўны ціск. І яны паказваюць гэтым міліцыянтам, што вы можаце рабіць што заўгодна, мы вас прыкрыем: бо суды – нашыя, пракуроры – нашыя. Вайтовіч з Самасюком, як мурашыныя маткі, сядзелі ў цэнтры зала і ўсім сваім відам паказвалі: не бойцеся, мы з вамі. На працэсе былі людзі, якія гаварылі, што Ігнацюк іх збівае. І нічога не адбываецца. Ніякіх праверак. Ніякіх спраў не пачынаюць.

Сяргей Пятрухін мяркуе, што ў чацвер ужо будзе абвешчаны прысуд па справе, і дадае, што працэс над ім з’яўляецца чарговым крокам наступу на свабоду слова ў Беларусі, узгадвае справы tut.by, тэлеканалу “Белсат” і іншыя.

Кобрынец Аляксандр Мех, які назірае за працэсам, бачыць пачатак ланцуга ціску на СМІ у іншым:

– Вы ж памятаеце, што адбылося з лідарам прафсаюза РЭП Фядынічам, з Комлікам. Гэта той жа самы ланцужок. Звязаны ў першую чаргу з тым, што, на мой погляд, ёсць загад, і гэты загад ідзе з Масквы. Калі назіраць зверху, то гэта падрыхтоўка да аншлюса краіны.

Працэс вядзе суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук.

 

Запіс свайго выступу ў зале паседжанняў Сяргей Пятрухін ужо апублікаваў на сваім Youtube-канале ў матэрыяле пад назвай: “(Не) Апошняе слова блогера Пятрухіна”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце