Каля 100 будаўнікоў БелАЭС заражаныя каронавірусам (абноўлена)



Каля 100 будаўнікоў Астравецкай АЭС захварэлі на каронавірус COVID-19. Гэта прызналі прадстаўнікі карпарацыі „Расатам”.

Па словах старшыні Беларускай партыі Зялёныя Змітра Кучука, гэта трывожны, але і паказальны сігнал. У такіх абставінах лепей не спяшацца з запускам АЭС, – лічыць палітык.

– 100 чалавек – гэта дастаткова шмат з улікам таго, што як правіла людзі працуюць разам, і магчыма яшчэ будуць заражэнні. І павінны быць уведзеныя жорсткія меры да тых, хто наведвае гэтую атамную станцыю. Сама прапускная сітэма павінна змяніцца. І, канешне, дзіўна, што будаўнікі не могуць вымераць сабе тэмпературу ці рабіць тэсты для тых людзей, якія заходзяць на станцыю. Гэта ўсё выклікае занепакоенасць.

Таксама, па  словах Змітра Кучука, з’явілася інфармацыя, што беларускі ўрад рыхтуе пастанову па змене нормаў выкідаў радыяцыі, і гэтыя нормы плануецца павялічыць.  І гэта таксама трывожыць, таму што гэта можа павялічыць і радыяцыйную забруджанасць навакольнага асяроддзя і створыць  небяспеку для людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

Па стане на 26 траўня 18 супрацоўнікаў РУП „Беларуская АЭС” заражаныя каронавірусам, – заявілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей прадпрыемства, паведамляе interfax.by.

Там адзначылі, што супрацоўнікі з пацверджаным дыягназам COVID-19 знаходзяцца пад кантролем медыцынскіх службаў па месцы пражывання, хвароба праходзіць бессімптомна, у лёгкай форме. Таксама на самаізаляцыі знаходзіцца 81 чалавек як кантакт першага роўню.

„Зараз работы па ўзвядзенні Беларускай АЭС ажыццяўляюцца ў штатным рэжыме”, – падкрэслілі на прадпрыемстве.

Раней кіраўнік расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам” Аляксей Ліхачоў паведаміў, што на будпляцоўцы БелАЭС зафіксавана каля 100 выпадкаў захворвання COVID-19.

„На беларускай пляцоўцы, гэты праект у нас у адмысловым прыярытэце, зафіксавана каля 100 інцыдэнтаў, каля 100 станоўчых тэстаў. Гэта не толькі нашы работнікі, але і прадстаўнікі беларускага заказчыка”, – заявіў Ліхачоў.

Мінэнерга рэспублікі паведамляла, што плануецца забяспечыць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС на працягу 2020 года, другога – ў 2021 годзе. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з’яўляецца „Атамбудэкспарт” (АСЭ, структура „Расатама”).

Фота: МН