19 гадоў таму зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі
Роўна 19 гадоў таму 16 верасня 1999 года ў Менску пры нявысветленых абставінах зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Актывісты АГП штогод прыходзяць у гэты дзень з кветкамі да месца іх знікнення — лазні на вуліцы Фабрычнай.
Увечары Віктар Ганчар і яго сябар Анатоль Красоўскі прыехалі ў менскую лазню. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22:35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў Джып-Чэрокі Красоўскага. Потым на месцы гвалтоўнага выкрадання былі знойдзеныя сляды крыві Віктара Ганчара, аскепкі шкла і задняга ліхтара аўтамабіля. Сведкі распавядалі, што напярэдадні бачылі чырвоны БМВ, у якім сядзелі тры чалавекі; працаўніца лазні чула крыкі, шум, мужчынскія галасы. Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага пачала пракуратура Менска. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі невядомыя асобы.
5 снежня 2002 года суд Савецкага раёна Менска прызнаў Віктара Ганчара зніклым без вестак. У студзені 2003-га сталічная пракуратура прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
21 лістапада 2000 года начальнік упраўлення крымінальнай міліцыі МУС генерал-маёр Мікалай Лапацік у рапарце на імя міністра Навумава апісаў падрабязнасці выкрадання Ганчара, Красоўскага, а таксама былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі групай спецназа на чале з камандзірам часткі №3214 Паўлічэнкам. Ён нават пазначыў месца пахавання — спецыяльны ўчастак на Паўночных могілках. Пісаў рапарт і тагачасны начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў — наконт «расстрэльнага пісталета», які выдаваўся напярэдадні знікненняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.
На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, рэальнае расследаванне гэтых гучных знікненняў можа аднавіцца толькі ў выпадку змены ўлады.
Паводле svaboda.org