19 траўня з гомельскай калоніі мусіць выйсці журналістка Кацярына Барысевіч
19 траўня з гомельскай калоніі мусіць выйсці журналістка tut.by Кацярына Барысевіч. Яе асудзілі на паўгода пазбаўлення волі за артыкул “У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю”.
Рэгіянальны журналіст-фрылансер Яўген Меркіс спадзяецца, што журналістка выйдзе на волю, нягледзячы на разгром парталу tut.by:
– У нас, канешне, заведзена так, што могуць у самую апошнюю гадзіну паведаміць, і табе давядзецца адседзіць пэўны тэрмін. У мяне асабіста была такая гісторыя падчас зняволення, ужо загадзя было вядома, што мне трэба яшчэ 15 сутак адседзіць. Але паведамілі мне пра гэта літаральна за гадзіну да таго, як сканчаўся мой першы тэрмін затрымання. Мне падаецца пакуль, што гэта ўсё ж розныя справы, і Барысевіч нават на фоне таго, што адбываецца ў галоўных рэдактараў, ужо і не такая заўважная можа быць справа.
Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020 года і змясцілі ў СІЗА. За некалькі дзён да вызвалення яе перавялі ў калонію ў Гомелі.
Беларускае Радыё Рацыя