1948 год: антысавецкія групы з-пад Беластоку прыходзяць на Гарадзеншчыну



На пачатку сакавіка 1948 года міністр унутраных спраў СССР Сяргей Круглоў даводзіў вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву інфармацыю пра антысавецкі рух у заходніх рэгіёнах Беларусі. Даваліся лічбы і аналіз сітуацыі за перыяд з сакавіка 1947 па студзень 1948 года.

Справаздачу атрымаў “правадыр народаў” Іосіф Сталін, яго верны памочнік Лаўрэнцій Берыя (тады чалец палітбюро кампартыі), міністр замежных спраў Вячаслаў Молатаў ды сакратар кампартыі Андрэй Жданаў.

Трываў чацвёрты год, як Чырвоная Армія заняла тады савецкую Беларусь, выбіўшы з яе тэрыторый нацыстаў, але неблаганадзейнае становішча для савецка-партыйных органаў захоўвалася ў тагачаснай Берасцейскай, Гарадзенскай і Пінскай абласцях. Круглоў паведамляў, што на Гарадзеншчыну ідзе негатыўны ўплыў з Падляшша. Перыядычна свае акцыі ладзілі атрады Арміі Краёвай (АК), якія прыходзілі з-пад Беластоку. На Берасцейшчыне і Піншчыне вялікі ўплыў мела Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і яе баявое крыло – Украінская паўстанцкая армія (УПА). Да гэтых арганізацый далучаліся мясцовыя жыхары, аказвалі падтрымку адзеннем і харчаваннем.

Што датычна лічбаў за ўзгаданы перыяд, то ў справаздачы міністра ўнутраных спраў СССР яны выглядалі наступным чынам: на тэрыторыі БССР ліквідавана 26 узброеных антысавецкіх груп агульнай колькасцю 104 чалавекі, арыштавана 289 прадстаўнікоў “антысавецкага элемента”, у ходзе баявых аперацый выяўлена 19 кулямётаў, 207 аўтаматаў, 992 вінтоўкі, 55 вінтовачных абрэзаў, 729 пісталетаў і рэвальвераў, 35 гранат і звыш 5000 патронаў.

Засяродзіў увагу Круглоў і на некаторых акцыях па ліквідацыі антысавецкага падполля, пэўна самых важных і паказальных. Так у жніўні 1947 года памежнікі выявілі сувязі Беластоцкай акругі АК з Гарадзенскім абводам. У выніку былі арыштаваныя і перададзеныя чэкістам сем эмісараў-сувязных, два перапраўшчыка праз мяжу і два іншых удзельніка АК. У верасні ў Сапоцкінскім раёне Гарадзеншчыны міліцыянты арыштавалі 11 удзельнікаў Арміі Краёвай.

Галоўны міліцыянт СССР цешыўся тым, што на тэрыторыі заходняй Беларусі і Украіны выбары ў Саветы дэпутатаў прайшлі без перашкоды з боку антысавецкага падполля. Яно і не дзіўна, бо для кругласуткавай аховы выбарчых участкаў і агітацыйных пунктаў задзейнічалі звыш 14 тысяч афіцэраў, сяржантаў і радавых.

Гэты факт не застаўся без увагі ў падпольшчыкаў. У адной з улётак, распаўсюджанай на чыгуначнай станцыі “Жабінка” ў 1947 годзе, яны напісалі: “…Акрамя тэрору, акрамя ўзмоцненай дзейнасці НКУС-НКДБ, акрамя арыштаў, высылак, расстрэлаў, акрамя таго, што ўсе вёскі і гарады былі абкладзены часткамі Чырвонай Арміі і НКУС – народ не ішоў на выбары і стойка запратэставаў супраць сталінскага рэжыму. Гэта доказ узрастання рэвалюцыі, доказ яе сілы. У многіх выпадках гэта доказ і супрацоўніцтва народа і Чырвонай Арміі ў барацьбе супраць Сталіна…”.

Нягледзячы на тое, што справаздача Круглова мела яўныя пераможныя ноткі, але міністр усведамляў наколькі яшчэ рана ставіць кропку ў пытанні нацыяналістычнага падполля ў заходніх рэгіёнах Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі. 

Нядаўнія матэрыялы па антысавецкім руху: Паляванне чэкістаў на палескага „Ваўка”, Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…, Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!, Красавік 1945 года: „Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі”, Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў, Чэкісты п’юць, а падполле актыўна дзейнічае.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя